Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Фонд спартовай салідарнасьці заклікаў не дапускаць да Алімпіяды спартоўцаў, якія публічна ня выступяць супраць вайны

Фонд спартовай салідарнасьці заклікаў не дапускаць да Алімпіяды спартоўцаў, якія публічна ня выступяць супраць вайны


Больш за 50 беларускіх спартоўцаў і дзеячоў спорту выступілі з супольным зваротам да Міжнароднага Алімпійскага камітэту (МАК).

У звароце згадваецца заява МАК ад 25 сьнежня пра магчымы ўдзел спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы, калі гэтыя спартоўцы не выказвалі актыўнай падтрымкі вайны ва Ўкраіне. Такім чынам, тыя спартоўцы, якія ніяк ня выступілі супраць рэжымаў і вайны, маглі б паўдзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе.

З гэтай нагоды ў сьвеце пачалася дыскусія. Да яе далучыўся і Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці.

Аўтары звароту лічаць, што да алімпійскіх спаборніцтваў пад нэўтральным сьцягам могуць быць дапушчаныя толькі тыя беларускія і расейскія спартоўцы, якія выразна асудзілі вайну.

Зварот падпісалі больш за 50 беларускіх спартоўцаў і дзеячоў спорту, але зь меркаваньняў бясьпекі іх прозьвішчы не агучваюцца.

Спрэчкі вакол заявы МАК

На мінулым тыдні Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што гатовы ўключыць расейскіх і беларускіх спартоўцаў у сьпіс удзельнікаў Алімпіяды пры ўмове выкарыстаньня нэўтральнага сьцяга, і даў ім шанец для ўдзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах. Гэта прымусіла Кіеў пачаць міжнародную кампанію, каб не дапусьціць удзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе-2024.

Украіна спадзяецца заручыцца шырокай міжнароднай падтрымкай поўнай забароны на ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе за ваенную агрэсію, заявіў міністар спорту Ўкраіны.

Міністар спорту Ўкраіны Вадзім Гутцайт у інтэрвію Reuters заявіў аб непрымальнасьці ідэі магчымага ўдзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у 2024 годзе ў Парыжы.

Вадзім Гутцайт, былы алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні, заявіў, што ідэя дазволіць расейскім і беларускім спартоўцам выступаць на Алімпіядзе нават пад нэўтральным сьцягам непрымальная.

«Гэта немагчыма для нас у той час, калі ідзе поўнамаштабная вайна, калі нашы спартоўцы, нашы салдаты абараняюць нашу Радзіму», — сказаў ён.

Масква заявіла 31 студзеня, што будзе вітаць любыя крокі МАК, якія дазваляюць расейцам удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Але празь некалькі гадзін МАК заявіў, што падтрымлівае санкцыі, уведзеныя супраць Масквы і Менску ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны.

«Санкцыі супраць расейскай і беларускай дзяржаў і іх урадаў не падлягаюць абмеркаваньню. Яны былі аднагалосна пацьверджаныя на нядаўнім Алімпійскім саміце 9 сьнежня 2022 году», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у твітэры МАК.

Санкцыі ўключаюць забарону запрашаць расейскіх і беларускіх чыноўнікаў на міжнародныя спартовыя мерапрыемствы, а таксама забарону праводзіць міжнародныя спаборніцтвы ў абедзьвюх краінах.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што «расейская палітызацыя спорту нязьменна будзе азначаць апраўданьне тэрору».

Па словах Вадзіма Гутцайта, на вайне загінулі сама меней 220 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG