Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед Вікіпэдыі. У Расеі пагражаюць заблякаваць сайт праекту, у Беларусі арыштоўваюць аўтараў


Лягатып Вікіпэдыі
Лягатып Вікіпэдыі

«Роскомнадзор» пагражае заблякаваць Вікіпэдыю за артыкул пра расейскую агрэсію супраць Украіны. У Беларусі ўжо два аўтары онлайн-энцыкляпэдыі трапілі за краты і перасьледуюцца ў крымінальным парадку.

Расейскамоўная Вікіпэдыя атрымала паведамленьне з «Роскомнадзору» пра артыкул пра вайну ва Ўкраіне. Пра гэта рэдакцыя онлайн-энцыкляпэдыі напісала ў сваім Twitter. Высьветлілася, што расейскае дзяржаўнае агенцтва паскардзілася на назву артыкула «Вторжение России на Украину (2022)» пра расейскую агрэсію супраць Украіны. Расейскія ўлады прынамсі да 29 сакавіка лічылі баявыя дзеяньні «спэцапэрацыяй для дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі».

«Уладам не падабаецца, што „спэцапэрацыю для дэмілітарызацыі і дэнацыяналізацыі Ўкраіны“ называюць уварваньнем, агрэсіяй і вайной», — адзначылі ў рэдакцыі інтэрнэт-энцыкляпэдыі.

Паводле апублікаванай прэтэнзіі, «Роскомнадзору» таксама не падабаецца, што ў артыкуле згадваюцца шматлікія ахвяры сярод вайскоўцаў Расеі і мірнага насельніцтва Ўкраіны, у тым ліку дзяцей, бо гэта супярэчыць афіцыйным зьвесткам Міністэрства абароны Расеі.

Вікіпэдыі загадалі выдаліць інфармацыю, пагражаючы ў выпадку нязгоды яе заблякаваць. Раней такое паведамленьне адміністрацыі адпраўлялі ў пачатку сакавіка, аднак артыкул пра ўварваньне не зьмяніў назвы.

У сакавіку асаблівую ўвагу на Вікіпэдыю зьвярнулі ў Беларусі, пачаўшы перасьледаваць яе аўтараў. Спачатку арыштавалі шматгадовага аўтара расейскамоўнага сэгмэнту Марка Бэрнштэйна. Ён адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту, аднак затым стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу па артыкуле 342 ч.1 («арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках»). Бэрнштэйн уваходзіў у сьпіс топ-50 найлепшых аўтараў Вікіпэдыі ў расейскамоўнай рэдакцыі.

Бэрнштэйна схапілі 11 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Паводле інфармацыі праваабаронцаў — на запыт ФСБ Расеі. Фатаграфія затрыманага была разьмешчана з прыпіскай «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы». Падобна, гэта пра фармулёўкі, якія давала Вікіпэдыя стасоўна расейскай агрэсіі супраць Украіны.

29 сакавіка ў суд накіравалі крымінальную справу з абвінавачаньнем 30-гадовага берасьцейца Паўла Пернікава за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі». І гэтая крымінальная справа таксама тычыцца Вікіпэдыі, але зьвязаная з артыкуламі пра падзеі ў Беларусі. Сьледзтва сьцьвярджае, што з 29 сьнежня 2020 па 30 красавіка 2021 году абвінавачаны «разьмясьціў недакладную інфармацыю» на сайце Wikipedia і міжнароднай арганізацыі «Міжнароднае таварыства правоў чалавека». Паводле пракурора, берасьцеец сваімі дзеяньнямі «прадставіў грамадзкасьці загадзя ілжывыя зьвесткі аб дзейнасьці праваахоўных і дзяржаўных органаў Беларусі».

Пернікаву выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі»), яму пагражае да 4 гадоў зьняволеньня. За дзень да блякаваньня ягонага ўліковага запісу нехта ўнёс у артыкулы нехарактэрныя для Паўла праўкі. З артыкула пра Лукашэнку зьнік абзац аб уведзеных супраць яго пэрсанальных санкцыях. Артыкул «Свабода слова ў Беларусі» пазбавіўся амаль усяго разьдзелу аб падзеях 2020–2021 гадоў. У артыкуле «Цэнзура ў Беларусі» зьніклі згадкі пра законы 2020–2021 гадоў, якія абмяжоўваюць свабоду слова, і пра шматлікія факты ціску на незалежныя СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG