Беларускі бізнэсовец Андрэй Балабін, ён жа ганаровы консул Чылі, падаў у суд на Беларускі расьсьледніцкі цэнтар пасьля публікацыі «Ценявыя консулы: навошта беларускія бізнэсоўцы станавіліся дыпляматамі-добраахвотнікамі».
У Балабіна было тры прэтэнзіі. Першая — што ягонае імя назвалі ў расьсьледаваньні пра падазроную дзейнасьць ганаровых консулаў. Другая тычылася расьсьледаваньня трохгадовай даўнасьці. А трэцяя — сьцьвярджэньне, што ён пабудаваў гараж-стаянку ў абыход заканадаўства.
Старшыня беларускага расьсьледніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч удзельнічаў у судзе праз скайп.
«Я ўдакладніў: яго зьневажае тое, што яго паставілі ў адзін шэраг з Шакуціным і Зайцавым? Па-чалавечы я яго разумею: ня самая ганаровая кампанія, але простае называньне ягонага імя ў шэрагу ганаровых консулаў заканадаўства не парушае. Сутнасьць другой прэтэнзіі прадстаўнік Балабіна ў судзе ўцямна не патлумачыў. А па трэцім мы прадставілі доказы, што ўжо пасьля выяўленых парушэньняў нормаў заканадаўства Міністэрства архітэктуры, замест таго каб запатрабаваць іх выпраўленьня, рэкамэндавала зрабіць для Балабіна выключэньне».
Тым ня менш судзьдзя Савецкага раёну Менску Дзьмітры Жданок прысудзіў Станіславу Івашкевічу штраф у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды Балабіну і абавязаў даць абвяржэньне на канале Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.
— Даць абвяржэньне на сайце Youtube.com на канале «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар», — зачытаў частку прысуду судзьдзя Дзьмітры Жданок.
— Але ж ён прызнаны экстрэмісцкім СМІ ў Беларусі. Усё роўна даваць на ім абвяржэньне? — удакладніў старшыня BIC Станіслаў Івашкевіч.
— Эээ.... Ммм.. Вас абавязваюць разьмясьці абвяржэньне на сайце «ютуб», на канале... Ммм... На сайце «ютуб точка ком».
— На тым жа канале, дзе і было апублікавана?
— Не, на сайце «ютуб точка ком». На якім канале...— задумаўся судзьдзя. — На экстрэмісцкім, вядома, ня варта...