У новым расьсьледаваньні Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар сабраў зьвесткі пра чатырох беларусаў, якія, будучы на дзяржаўнай службе або ўзначальваючы дзяржаўныя прадпрыемствы, вырашылі прыдбаць нерухомасьць на беразе Чорнага мора ў Баўгарыі.
Сярод іх вядомы праўладны журналіст і міліцэйскі афіцэр Дзьмітры Партон, які купіў кватэру на папулярным баўгарскім курорце.
Дзьмітрый Партон узначальваў прэс-службу МУС, быў на кіроўных пасадах у дзяржаўных СМІ. З 2012 па 2017 гады — намесьнік галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь сегодня». Пасьля — дырэктар дырэкцыі інтэрнэт-вяшчаньня тэлеканала СТВ. З 2018-га — намесьнік гендырэктара агенцтва «Мінск-Навіны».
У 2011 годзе ён прыдбаў жыльлё на найвядомейшым курорце ў Баўгарыі, Сонечным Беразе. За кватэру ў 38 квадратных мэтраў заплаціў 26 тысяч даляраў.
Станіслаў Іодзіс набываў жыльлё ў Баўгарыі, будучы кіраўніком найбуйнейшага дзяржаўнага алькагольнага холдынгу Беларусі «Менск-Крышталь». У 2016 годзе Станіслаў Іодзіс купіў кватэру ў Баўгарыі, на курорце Памор’е.
Аляксандар Кадышаў, які з 2008 году працаваў у сыстэме юстыцыі, каля 5 гадоў узначальваў «Цэнтар судовых экспэртыз», з 2016 году — гендырэктар дзяржпрадпрыемства «БелЮрЗабесьпячэньне», якое падпарадкоўваецца Мін'юсту. У 2017 годзе, як беларускія дасьледчыкі выявілі з дапамогай калег з Баўгарскага расьсьледавальніцкага цэнтру BIRD.BG, ён набыў нерухомасьць у Баўгарыі.
Недалёка ад кватэры Аляксандра Кадышава знайшлі яшчэ адны апартамэнты зь беларускімі гаспадарамі. У 2012 годзе кватэру ў 48 квадратаў купіла сямʼя Вольвачаў.
Людміла Вольвач на момант куплі працавала ў Горадзенскім гарвыканкаме на пасадзе начальніцы аддзелу бухгальтарскага ўліку, фінансаў і цэн упраўленьня гандлю і паслуг.