Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За намер зрабіць дывэрсію на чыгунцы двух жыхароў Мазыра асудзілі на 14 і 16 гадоў калёніі. Расказваем падрабязнасьці


Сяргей Пляшкун і Юры Сельвіч. Каляж
Сяргей Пляшкун і Юры Сельвіч. Каляж

Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча ў закрытым рэжыме.

Сельвіч атрымаў пакараньне 14 гадоў калёніі, Плешкун — 16.

34-гадовага Сяргея Плешкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча затрымалі ў сакавіку 2022 году. Беларуская тэлевізія выпусьціла тады сюжэт, зь якога вынікае, што за жыхарамі Мазыра сачылі супрацоўнікі КДБ. У гаражы аднаго з затрыманых Сяргей і Юры абмяркоўвалі магчымасьці перашкодзіць руху расейскай вайсковай тэхнікі па чыгунцы. Канчатковае абвінавачаньне ім выставілі паводле сямі артыкулаў:

  • ч. 2 арт.295-3 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснаванае на выкарыстаньні гаручых рэчываў);
  • ч. 2 арт. 289 («Акт тэрарызму»);
  • ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»);
  • ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»);
  • арт. 341 («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці»);
  • ч. 1 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»);
  • ч. 1 арт. 361 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Згодна з матэрыяламі справы, у пэрыяд са жніўня 2020-га па люты 2022 году Пляшкун і Сельвіч нібыта набылі кампанэнты для вырабу «кактэйляў Молатава» і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі і перавозілі ў розных транспартных сродках і месцах з мэтай іх выкарыстаньня.

Таксама іх абвінавацілі ў тым, што ля аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёну Пляшкун і Сельвіч нанесьлі фарбай на плот і знак малюнкі і надпісы.

Хто такія Сяргей Пляшкун і Юры Сельвіч

У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі ў сакавіку паказалі кадры зь нейкага памяшканьня, падобнага да гаража. На відэа двое мужчын абмяркоўваюць спосабы таго, як перашкодзіць перасоўваньню расейскай тэхнікі па чыгунцы. Магчыма, увагу спэцслужбаў адзін з затрыманых, Сяргей Пляшкун, прыцягнуў тым, што скінуў відэа з калёнай расейскай тэхнікі ў адзін з «дэструктыўных» каналаў. Пры ператрусе ў затрыманых забралі пустыя бутэлькі, салетру, біту, пнэўматычны пісталет. Сьцьвярджаецца, што абвінавачаныя маглі зрабіць «кактэйлі Молатава».

Адзін з затрыманых, 44-гадовы Юры Сельвіч, жанаты, мае траіх дзяцей. Двое дарослых сыноў на момант затрыманьня Сельвіча былі ў войску, адзін служыў у Мар’інай Горцы пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. Яшчэ ў сям’і выхоўваецца прыёмная дачка, ёй 10 гадоў. Па словах знаёмых, Юры працаваў «на сябе», займаўся рамонтамі.

«Ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, якія былі ў Мазыры пасьля выбараў. Сельвіча двойчы затрымлівалі паводле 23.34, адзін раз былі „суткі“, другі раз штраф. Юры дапамагаў фінансава сваякам палітвязьняў. Ну гаварылі яны нешта, але ж дзеяньняў ніякіх не было», — патлумачыў сябар абвінавачанага.

Сяргей Пляшкун мае жонку і дваіх дзяцей. Адзін сын ходзіць у першую клясу, другому яшчэ няма году. Жонка Плешкуна ў дэкрэтным водпуску.

«Сяргей працаваў гандлёвым агентам. Ён добры муж, бацька і сябар. Сапраўдны, такіх вельмі мала. Ён і Юры ахвяравалі сабой дзеля свабоднай Беларусі», — зазначыла знаёмая затрыманага, таксама жыхарка Мазыра.

Каго яшчэ і якім чынам пакаралі за дывэрсіі і спробы перашкодзіць руху расейскай тэхнікі

У сьнежні 2022 году Гомельскі абласны суд пакараў жыхароў Сьветлагорску, «рэйкавых партызанаў», вялікімі тэрмінамі за пашкоджаньне рэлейнай шафы на чыгунцы. Дзянісу Дзікуну прысудзілі 23 гады зьняволеньня, Дзьмітрыю Равічу — 22 гады, Алегу Малчанаву — 21 год. Усе яны зьвязаныя паміж сабой сваяцкімі сувязямі. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы на чыгунцы.

Віталя Мельніка асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. Згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 года на перагоне Навасады — Барысаў Мельнік падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня, чым прывёў у непрыдатны для эксплюатацыі стан яго прыборы і элемэнты. У выніку гэтага адбылася затрымка 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Пры затрыманьні беларусу прастрэлілі каленныя суставы. Дагэтуль ён перасоўваецца на мыліцах.

У гэты момант у Магілёве разглядаецца крымінальная справа бабруйскіх «рэйкавых партызанаў». Дзьмітрыя Клімава, Уладзімера Аўрамцава і Яўгена Мінкевіча вінавацяць у зьнішчэньні дзьвюх рэлейных шафаў сыгнальнай устаноўкі на чыгунцы пад Асіповічамі. Затрымалі маладых людзей у ноч на 30 сакавіка 2022 году. Падчас затрыманьня сілавікі паранілі Ўладзіміра Аўрамцава. Бабруйчан судзяць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «акт тэрарызму арганізаванай групай», «здраду дзяржаве», «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі». Справу разглядаюць у закрытым рэжыме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG