«Любая спроба супраціўленьня прыводзіць да масавых затрыманьняў. У сярэднім кожны дзень рэжым затрымлівае 17 новых чалавек з палітычных матываў, — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская. — Толькі летась было заведзена 5 тысяч крымінальных спраў».
Ціханоўская зьвярнула ўвагу на працяглыя тэрміны зьняволеньня, якія прысуджваюць апанэнтам уладаў, і «нечалавечыя ўмовы», у якіх знаходзяцца затрыманыя і асуджаныя.
«Аднак узровень рэпрэсій таксама паказвае ўзровень неабароненасьці рэжыму, — дадала яна. — Рэжыму ўдалося задушыць вулічныя пратэсты, але ня волю народу да перамен. Нягледзячы на масавы тэрор, супраціўленьне працягваецца, але яно зьмяніла форму. Цяпер яно пайшло ў падпольле».
Па словах Ціханоўскай, «партызаны зьдзейсьнілі больш за 80 дывэрсій на чыгунцы, каб спыніць рух расейскіх войскаў».
Ціханоўская лічыць, што «беларуская барацьба за свабоду непарыўна зьвязаная з барацьбой за свабоду Ўкраіны», а «вольныя беларусы і ўкраінцы сёньня супрацьстаяць аднаму і таму ж злу — самавольству і імпэрыялізму Расеі».
«Для Пуціна ні Беларусь, ні Ўкраіна не павінны існаваць як незалежныя краіны. Ён хоча бачыць Украіну такой жа, як Беларусь сёньня: васальнай дзяржавай з кантраляваным марыянэткавым рэжымам. Таму Пуцін заўсёды будзе падтрымліваць Лукашэнку, а Лукашэнка заўсёды будзе на баку Пуціна. Для Лукашэнкі Пуцін — адзіная гарантыя яго захаваньня ва ўладзе», — дадала яна.
Аднак, сказала экс-кандыдатка ў прэзыдэнты, «праблема дыктатараў у тым, што беларускі народ ня хоча, каб Беларусь была часткай Расеі», у адказ на што «рэжым праводзіць маштабную кампанію па прамываньні мазгоў, спрабуючы пераканаць беларусаў, што ў іх няма эўрапейскай будучыні і яны заўсёды будуць часткай «русского мира», таму «яны зьнішчаюць беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць, беларускую гісторыю і мову, беларускія СМІ і грамадзянскую супольнасьць».
Ціханоўская заявіла аб «паўзучай акупацыі» Беларусі з боку Расеі.
«Я часта чую ад заходніх палітыкаў: давайце спачатку вырашым праблему Ўкраіны, а потым Беларусі. Гэта няправільны падыход, — падкрэсьліла Ціханоўская. — Нашы праблемы павінны вырашацца комплексна. І мы не павінны дазволіць Пуціну атрымаць Беларусь у якасьці суцяшальнага прыза».
Ціханоўская лічыць, што ў будучыні для Беларусі ёсьць два сцэнары разьвіцьця падзей: «за жалезнай заслонай і ў міжнароднай ізаляцыі», дзе яна «не незалежная ні эканамічна, ні палітычна, а выглядае, як расейская правінцыя», і зьяўляецца «пастаяннай крыніцай нестабільнасьці і пагрозай для суседніх краін» ці «ўстойлівая дэмакратыя» з разьвітай эканомікай як частка «эўрапейскай сям’і, дзе выконваюцца правы чалавека і людзі жывуць свабодна».
«У 2020 годзе, калі пачалася наша рэвалюцыя, яна была зусім не геапалітычнай. Але пасьля 2022 года стала зразумела, чаго насамрэч хочуць беларусы і дзе ім месца», — склала дэмакратычная лідэрка.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам