Удовам салдатаў, якія ваявалі супраць Украіны на баку так званай ДНР, адправілі з Масквы ў Данецк 21 футра, відэа апублікаваў прарасейскі блогер Яўген Скрыпнік у сацсетцы «УКантакце».
На кадрах жанчыны, стоячы на вуліцы і трымаючы перад сабой футры ў руках, хорам дзякуюць за клопат, адна зь іх кажа, што яны нават ня думалі, «што будзе такая магчымасьць».
За кадрам блогер, які здымае відэаролік, кажа, што футры былі перададзеныя «расейскім актывам Масквы», які «ўсе дзевяць гадоў не забываецца пра семʼі загінулых».
Раней у акупаваным расейскімі войскамі горадзе Макееўка Данецкай вобласьці Ўкраіны ўдовам мабілізаваных уручылі падарункавыя наборы: крупы, тушаніну, мыйныя сродкі і сродкі асабістай гігіены. Наборы былі спакаваныя ў чорныя пакеты. Арганізатарамі акцыі сталі прадстаўнікі «Саюзу жанчын Расеі» і грамадзкай палаты так званай «ДНР».