Інфармацыю пра гэта заўважыла выданьне Zerkalo.io на афіцыйнай старонцы Белдзяржфілярмоніі ў Facebook.
Ці будзе працаваць тэатар пасьля сыходу дырэктаркі — незразумела, існуе рэальная рызыка яго страціць. Як расказалі Zerkalo суразмоўцы з сфэры культуры, звальненьне Дзягілевай не было палітычным. У гэтым годзе актрысе спаўняецца 76 гадоў. Але ёсьць і іншыя прычыны.
У верасьні 2022 году ўлады прыпынілі працу Чырвонага касьцёла — менавіта ён з канца дзевяностых стаў пляцоўкай для «Зьніча»: там была абсталяваная спэцыяльная заля. З таго часу спэктакляў больш не праводзілася. Апошняе абнаўленьне афішы датавана якраз верасьнем.
Затым памёр Вячаслаў Шакаліда — адзіны актор, які быў у штаце тэатру.
Цяпер «Зьніч» не працуе ўжо амаль 5 месяцаў. У штаце няма ніводнага актора, пасады дырэктара і мастацкага кіраўніка вакантныя — пра новае прызначэньне нічога не паведамлялася. Існуе небясьпека, што гэты тэатар зьнікне.
Пасьля падзей 2020 году Менск ужо страціў Сучасны мастацкі тэатар, закрыты ўладамі. З Купалаўскага тэатру сышла большая частка трупы.
Тэатар «Зьніч» зьявіўся ў 1989-м, свой першы спэктакль паказаў праз год у Полацку. Заснавальніцай «Зьніча» была Галіна Дзягілева, якая да таго 17 гадоў (1968–1985) працавала ў віцебскім тэатры імя Якуба Коласа.
Сваёй пляцоўкі «Зьніч» ня меў, выступаў у Нацыянальнай бібліятэцы, на малой сцэне Купалаўскага тэатру, у Тэатры юнага гледача і ў іншых месцах. У канцы дзевяностых гадоў у «Зьніча» зьявілася свая тэатральная заля ў Чырвоным касьцёле.
Маторам калектыву была Дзягілева, яна ж была аўтарам інсцэніровак, выканаўцам і рэжысэрам монаспэктакляў паводле твораў Янкі Купалы, Васіля Віткі, Ніла Гілевіча і іншых беларускіх пісьменьнікаў. Спэктаклі гэтага тэатру паказваліся на фэстывалях як у Беларусі, так і за мяжой.