Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыяніст Маркелаў просіць дапамагчы з аплатай штрафу за шкоду краме ІКЕА ў Празе


Пётра Маркелаў
Пётра Маркелаў

ІКЕА ацаніла нанесеную Маркелавым шкоду ў 205 658 чэскіх крон, што ў эквіваленце складае 8,5 тысячы эўра. Яшчэ 60 000 крон пойдуць на адміністратыўныя выдаткі.

7 лютага беларус Пётра Маркелаў зьвярнуўся на сваёй старонцы ў Фэйсбуку з просьбай дапамагчы пакрыць штраф у 60 000 крон, якія ён мусіць выплаціць не пазьней за 30 дзён, за шкоду, нанесеную чэскай дзяржаве.

Са слоў актывіста, калі ён гэтага ня зробіць, яго накіруюць на 200 гадзін папраўчых работ.

У камэнтары Свабодзе Маркелаў заявіў, што штраф ён плаціць зьбіраецца, але разьлічвае на дапамогу неабыякавых людзей, якія пазытыўна ацанілі ягоны пэрформанс.

Выпіска з рашэньня чэскага суду на імя Пятра Маркелава
Выпіска з рашэньня чэскага суду на імя Пятра Маркелава

Беларус Пётра Маркелаў, які жыве і вучыцца ў Чэхіі, у лістападзе мінулага году правёў акцыю ў мэблевай краме IKEA ў Празе. Ён пасек тумбачкі, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што рэагуе такім чынам на супрацу кампаніі з уладамі Беларусі.

ІКЕА ацаніла шкоду ў 205 658 чэскіх крон, што ў эквіваленце складае амаль 8,5 тысячы эўра.

«На працягу 10 гадоў IKEA выкарыстоўвала прымусовую неаплатную працу ў беларускіх калёніях, у тым ліку палітвязьняў. Пакуль такія кампаніі падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, я не магу вярнуцца дадому. IKEA павінна плаціць!» — так Пётра Маркелаў камэнтаваў сваю лістападаўскую акцыю.

Прадстаўніцтва ІКЕА адмаўляе, што выкарыстоўвала працу зьняволеных.

Паліцыя затрымала Маркелава, аднак вызваліла праз шэсьць гадзін.

Як сам Маркелаў адзначыў у камэнтары Свабодзе, у кастрычніку ён падаўся на аднаўленьне сталага дазволу на жыхарства і разьлічвае, што рашэньне чэскіх уладаў, нягледзячы на заведзеную на яго справу, будзе станоўчым.

Цяпер Маркелаў на вакацыях да сакавіка. Паводле яго слоў, у гэты час ён падпрацоўвае онлайн-распрацоўшчыкам. Сродкаў, якія ён зарабляе, павінна хапіць на аплату штрафу, але ён разьлічвае і на грошы ад ахвярадаўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG