Беларус Пётра Маркелаў, які цяпер жыве і вучыцца ў Чэхіі, у лістападзе правёў акцыю ў мэблевай краме IKEA ў Празе. Ён пасек тумбачкі, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што рэагуе такім чынам на супрацу кампаніі з уладамі Беларусі.
ІКЕА ацаніла шкоду ў 205 658 чэскіх крон, што ў эквіваленце складае амаль 8,5 тысячы эўра.
«На працягу 10 гадоў IKEA выкарыстоўвала прымусовую неаплатную працу ў беларускіх калёніях, у тым ліку палітвязьняў. Пакуль такія кампаніі падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, я не магу вярнуцца дадому. IKEA павінна плаціць!» — так Пётра Маркелаў камэнтаваў сваю лістападаўскую акцыю. Прадстаўніцтва ІКЕА адмаўляе, што выкарыстоўвала працу зьняволеных.
Паліцыя затрымала Маркелава, аднак вызваліла праз шэсьць гадзін.
Сёньня ён расказаў Свабодзе, што яго зноў выклікалі ў паліцыю, дапыталі, зьнялі адбіткі пальцаў, узялі ДНК, а таксама паказалі дакумэнт, у якім ІКЕА ацаніла нанесеную ёй шкоду. Маркелаў выказаў фармальную згоду кампэнсаваць шкоду. Ягонае тлумачэньне накіравалі пракурору, які і будзе прымаць рашэньне аб пакараньні. Аднак актывіст кажа, што зьбіраецца працягваць кампанію супраць ІКЕА і «не для таго праводзіў гэтую акцыю, каб плаціць».