Тысячы людзей загінулі ў дзьвюх краінах пасьля таго, як адзін з самых моцных землятрусаў у Турэччыне выклікаў падземныя штуршкі па ўсім рэгіёне, разбурыўшы будынкі і прымусіўшы жыхароў выбягаць на вуліцы.
У Турэччыне колькасьць пацярпелых падлічвае Ўпраўленьне грамадзянскай абароны AFAD. У Сырыі, празь яе складанае палітычнае становішча, урад дае зьвесткі на падкантрольных сабе тэрыторыях, Грамадзянская абарона Сырыі — на тых, якія не знаходзяцца пад кантролем урадавых сілаў.
Землятрус магнітудай 7,8 бала адбыўся а 4-й гадзіне раніцы па мясцовым часе за 23 кілямэтры на ўсход ад Нурдагі, правінцыя Газіантэп, на глыбіні 24,1 км, паведаміла Геалягічная служба ЗША (USGS). Нурдагі знаходзіцца ўздоўж турэцка-сырыйскай мяжы, і землятрус адчуваўся ў некалькіх краінах рэгіёну, у тым ліку ў Сырыі і Лібане.
У суседняй Сырыі людзей працягваюць даставаць з-пад завалаў. Колькасьць ахвяр імкліва павялічваецца.
У Турэччыне сярод іншых будынкаў разбураны замак у Газіантэпе на пагорку ў цэнтры гораду, вялікія разбурэньні ў Дыярбакыры. У краіне спынены праца сотняў школ, спынены ўсе спартовыя спаборніцтвы.
У Сырыі людзі загінулі ў гарадах Алепа, Хама і Латакія. Паводле зьвестак групы «Белыя каскі», афіцыйна вядомай як Грамадзянская абарона Сырыі, дзясяткі людзей апынуліся пад заваламі. Зруйнаваны замак Маркаб, які пабудавалі яшчэ крыжакі.
Землятрус у панядзелак стаў самым моцным у Турэччыне з 1939 году, калі ў выніку землятрусу такой жа сілы загінулі 30 000 чалавек, паведамляе USGS. Землятрусы такой магнітуды рэдкія, у сярэднім менш за пяць за год у любым пункце сьвету. Сем землятрусаў магнітудай 7,0 і больш абрынуліся на Турэччыну за апошнія 25 гадоў, але ў панядзелак быў самы моцны зь іх.
Празь некалькі гадзін, ужо ўдзень, у Турэччыне і Сырыі адбыўся другі землятрус. Магнітуда дасягнула 7,6 бала. Сэйсмолягі кажуць, што існуе імавернасьць, што штуршкі яшчэ будуць працягвацца.
МЗС Беларусі: не выходзяць на сувязь двое грамадзян Беларусі
Міністэрства замежных спраў паведаміла, што ў турэцкім горадзе Хатай, адным з найбольш пацярпелых ад землятрусу, зьнікла беларуска Аляксандра Акпінар, яе муж і дзіця. Яны не выходзяць на сувязь. Пра гэта расказала яе сястра.
Амбасада Беларусі ў Сырыі яшчэ высьвятляе падрабязнасьці.