Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няпэўны лёс «зьбеглых». Што будзе, калі ахвяры стануць судзьдзямі


Літоўска-беларускі памежны пераход
Літоўска-беларускі памежны пераход

Лукашэнка 10 дзён адсутнічаў у Беларусі: лётаў зь візытамі ў ААЭ і Зымбабвэ. І, здаецца, упершыню за тры гады езьдзіў адпачываць. Што сьведчыць пра тое, што ён адчувае сябе ўпэўнена, ня бачыць вялікай пагрозы, пакідаючы краіну.

І першым чынам па вяртаньні падпісаў указ аб стварэньні камісіі для працы з ахвотнымі вярнуцца на радзіму. Што чакае «зьбеглых», многім зь якіх абяцанае дараваньне?

Пра тое, што адпаведны ўказ падпісаны, Лукашэнка паведаміў, прымаючы з дакладам генэральнага пракурора Андрэя Шведа. Палітычная вага гэтага чыноўніка цягам апошняга году значна вырасла. Менавіта ён каардынуе працэс палітычных рэпрэсій.

Лукашэнка таксама анансаваў вялікую нараду зь сілавікамі, каб падсумаваць вынікі 2022 году і пагаварыць пра недахопы. З кіраўніцтвам сілавога блёку ён сустракаецца часта, прыкладна раз на два тыдні. Плянаваная нарада цікавая хіба тым, што будзе праведзена «пад вяршэнствам пракуратуры». То бок ня Рада бясьпекі рыхтуе гэтае мерапрыемства, а менавіта пракуратура. Такім чынам, да асобы Андрэя Шведа ў Лукашэнкі — асаблівы давер. Адсюль і асаблівыя паўнамоцтвы.

Лукашэнка апавядаў, што апазыцыя з дапамогай Захаду нібыта плянуе «зрынаньне і забойства прэзыдэнта, службовых асобаў», і яна не зацікаўленая ў вяртаньні «зьбеглых». Тут, здаецца, нічога новага.

Больш цікава тое, што Лукашэнка назваў прыкладную лічбу беларускіх грамадзян, якія эмігравалі з палітычных прычын: 2–4 тысячы чалавек. Ягоная схільнасьць маніпуляваць лічбамі даўно вядомая. Колькі разоў ён даводзіў, што ў 2020 годзе супраць уладаў пратэставала невялікая купка «адмарозкаў».

Незалежныя экспэрты лічаць, што за два мінулыя гады зь Беларусі эмігравалі ад адной да некалькі сотняў тысяч людзей. Калі, як кажа Лукашэнка, гаворка ідзе толькі пра 2–4 тысячы чалавек, то няма пра што гаварыць і што абмяркоўваць. Навошта тады ўвогуле спатрэбілася ўся гэтая шумная кампанія вяртаньня: нарады пад ягоным кіраўніцтвам, адмысловы ўказ, стварэньне камісіі для разгляду заявак, шуміха ў дзяржаўных мэдыя? Дзеля чаго такая ўвага, калі няма праблемы? Навошта тады сам Лукашэнка ўзгадвае «зьбеглых» пры любой нагодзе, калі іх так мала? Тут ён сам сабе супярэчыць.

Лукашэнка і Швед разважалі пра адкрытасьць, празрыстасьць усяго працэсу вяртаньня эмігрантаў. Але сам указ так і не надрукаваны, сьпіс камісіі, якая мае разглядаць заявы грамадзянаў, ахвотных вярнуцца ў Беларусь, таксама застаецца таямніцай (абяцалі абнародаваць да канца дня 6 лютага). Паводле Лукашэнкі, у склад камісіі ўвайшлі людзі, якія «пацярпелі» ад падзей 2020 году, супраць якіх «зьдзяйсьняліся нейкія акты гвалту ці правапарушэньні». То бок ахвяры становяцца судзьдзямі. Пра іх аб’ектыўнасьць няма чаго і гаварыць. Такое вось плянуецца правасудзьдзе па-беларуску.

Што да зьместу гэтага дакумэнту, то генпракурор Андрэй Швед расказаў пра тэхнічныя дэталі. Указ тычыцца людзей, якія зьдзейсьнілі правапарушэньні з 1 студзеня 2020 па 31 студзеня 2023 гг. На «старую» эміграцыю ён не распаўсюджваецца. Дарэчы, былі выпадкі, калі людзей у Беларусі садзілі за краты за «правапарушэньні» па «палітычных» артыкулах, зьдзейсьненыя да 2020 году.

Швед пацьвердзіў, што ён пэрсанальна можа аспрэчыць заключэньне згаданай камісіі. І, такім чынам, чалавека, якому камісія гарантавала непрыцягненьне да адказнасьці, могуць па вяртаньні на радзіму напаткаць непрыемныя наступствы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG