Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась у Беларусі продаж легкавых аўтамабіляў упаў на 67%, увесну пачнуць прадаваць іранскія машыны


Адна з мадэляў аўтамабіля Saipa
Адна з мадэляў аўтамабіля Saipa

Іранскі вытворца прапануе свае легкавікі для беларусаў, якія летась сталі набываць на дзьве траціны меней аўтамабіляў.

На беларускім рынку неўзабаве зьявяцца аўтамабілі іранскай кампаніі Saipa. На гэты момант вырашаецца пытаньне з сэртыфікацыяй машын, пра што Av.by паведаміў прадстаўнік ТАА «Лакі Кэрэнсі». Гэтае таварыства — афіцыйны дыстрыбутар Saipa на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў суседняй Расеі.

Кантракт заключылі 25 студзеня, і ўжо праз 3–4 месяцы іранскія аўтамабілі маюць паступіць на беларускі рынак.

Saipa створана ў 1965 годзе. Спачатку яна зьбірала аўтамабілі Citroen па францускай ліцэнзіі, затым іранцы выпускалі Renault, Nissan, Kia і кітайскія мадэлі легкавікоў, паралельна распрацоўваючы ўласныя машыны. З 2007 па 2019 гг. кампанія вырабляла Renault Logan першага пакаленьня, які меў абазначэньне Tondar 90.

На беларускі рынак іранскі брэнд рыхтуе тры мадэлі: хэтчбэк Quik, сэданы Saina і Shahin. Апошні па габарытах супастаўны з Kia Rio і Volkswagen Polo. У аснове мадэлі — плятформа Toyota B, якая выкарыстоўвалася пры распрацоўцы Toyota Yaris другога пакаленьня (2005–2013 гг.) і шэрагу іншых кампактных аўто японскага брэнду.

Падрабязнасьці аб аснашчэньні і цэнах мадэляў Saipa для Беларусі абвесьцяць бліжэй да старту продажаў.

Продажы аўтамабіляў у Беларусі істотна ўпалі

Сёньня Беларуская аўтамабільная асацыяцыя (БАА) паведаміла, што ў гадавым вымярэньні продажы легкавых аўтамабіляў у Беларусі зьнізіліся адразу на 67%. За студзень у Беларусі прадалі 756 легкавых аўтамабіляў — на 67% менш, чым у студзені 2022 году (2290).

У адносінах да сьнежня мінулага году беларускі аўтарынак у студзені 2023-га зьнізіўся на 46%.

З чэрвеня 2022 лідэр продажаў у краіне — Geely. На другой пазыцыі LADA, на трэцім JAC.

«Глыбіня падзеньня» рынку новых легкавых аўтамабіляў «сьведчыць пра заўчаснасьць надзей на пачатак аднаўленьня продажаў», — лічыць старшыня праўленьня БАА Сяргей Варывода.

Асноўным канкурэнтам для рынку легкавых аўтамабіляў, якія вырабляюцца ў краіне і ўвозяцца афіцыйнымі дылерамі, па-ранейшаму застаецца «неарганізаваны рынак увозу аўтамабіляў фізычнымі асобамі з выкарыстаньнем заканадаўчых ільгот».

«Гэты ўвоз перашкаджае і прыходу на дылерскі рынак новых кітайскіх, іранскіх і іншых аўтавытворцаў з прычыны адсутнасьці спрыяльнага канкурэнтнага асяродзьдзя», — падкрэсьліў Варывода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG