Клайпедзкі порт доўгі час быў адным з асноўных каналаў пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў. У 2013 годзе Беларусь нават выкупіла траціну акцый тэрмінала сыпучых грузаў. У лютым мінулага году праз санкцыі Літва спыніла транспартаваньне беларускіх грузаў праз свой клайпедзкі порт. «Беларуськалій» пазбавіўся асноўнай транзытнай магістралі для сваёй прадукцыі. Глядзім, як флягман беларускай прамысловасьці працаваў гэты год і што на салігорскім прадпрыемстве адбываецца цяпер.
Што гавораць улады
Адразу пасьля забароны на транзыт беларускага калію празь Літву беларускія чыноўнікі казалі, што «гэта ніяк не паўплывае на сфэру».
«Мы, па сутнасьці, нічога ня страцілі. Страціла эканоміка Літвы», — сказаў прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка летась у лютым.
Трэцяга чэрвеня Галоўчанка расказваў пра «дывэрсыфікацыю паставак».
«Нашы калійныя патокі таксама актыўна пераарыентуюцца на рынкі афрыканскіх, паўднёваамэрыканскіх, азіяцкіх краін, у тым ліку КНР. Таму цяпер адбываецца натуральная дывэрсыфікацыя экспарту», — запэўніваў прэм’ер-міністар.
У ліпені 2022 году Лукашэнка прызнаў, што «калійных угнаеньняў сёлета могуць прадаць менш».
«Можа быць, мы сёлета менш прададзім калійных угнаеньняў па аб’ёме, але цэны ўзьляцелі. Гэта значыць, мы забясьпечым заробкі, свой калектыў, і падаткі яны будуць плаціць нармальна. Гэта значыць, у грашах мы нічога не прайграем», — гаварыў Лукашэнка.
Пра што сьведчыць статыстыка
Беларускія ўлады закрылі ўсю статыстыку аб эканамічнай дзейнасьці «Беларуськалію». Няма дадзеных аб экспарце за 2021-2022 гады, не публікуюцца справаздачы аб эканамічнай дзейнасьці Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалію». Апошнія зьвесткі — за 2020 год. Тады чысты гадавы прыбытак Беларускай калійнай кампаніі, галоўнага трэйдэра «Беларуськалію», склаў 580 тысяч рублёў. Агулам у 2020 годзе Беларусь прадала за мяжу калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў.
Паводле Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтру карысных выкапняў ЗША, аб’ём здабычы «Беларуськалію» за мінулы 2022 год склаў усяго 3 мільёны тон, гэта на 60% менш, чым у папярэднія гады.
Згодна з Эўрапейскай службай статыстыкі, летась Беларусь яшчэ прадавала мінэральныя і хімічныя ўгнаеньні ў ЭЗ. За студзень, люты і сакавік Беларусь прадала ў ЭЗ мінэральных і хімічных угнаеньняў на 38,1 мільёна эўра.
Для параўнаньня, у 2020 годзе, да ўвядзеньня санкцый, Беларусь прадала ў ЭЗ калійных угнаеньняў на 195,7 мільёна эўра. Гэта ў 5 разоў болей, чым летась. У красавіку, згодна з Эўрапейскай службай статыстыкі, экспарт беларускага калію ў ЭЗ спыніўся цалкам. У чэрвені мінулага году прадукцыя «Беларуськалію» трапіла пад санкцыі ЭЗ.
У якасьці альтэрнатывы Клайпедзкаму порту беларускія чыноўнікі называлі расейскія парты. Менавіта празь іх зьбіраліся пастаўляць калій. Пра пачатак такіх паставак беларускі канал АНТ паведаміў толькі ў ліпені, то бок толькі праз 5 месяцаў пасьля забароны транзыту празь літоўскі порт.
Гаворка тады вялася пра кантракт на перавалку 2 мільёнаў тонаў да канца году. Для параўнаньня, у 2020 годзе на экспарт Беларусь адправіла 7,1 мільёна тон калійных угнаеньняў, ці ў 3,5 раза больш.
Грузаабарот марскіх партоў Расеі за мінулы год склаў 841,5 мільёна тон і павялічыўся на 0,7%. А вось аб’ём перавалкі сухіх грузаў (а менавіта да такіх грузаў адносіцца калій) скараціўся на 0,2% у параўнаньні з 2021 годам.
Што адбываецца на «Беларуськаліі»
Па інфармацыі Свабоды, цяпер на прадпрыемстве адбываецца «натуральнае скарачэньне штату». У кагосьці канчаецца кантракт, яго не падаўжаюць, новых супрацоўнікаў таксама не набіраюць. Крыніцы на прадпрыемстве паведамляюць, што грузы зь «Беларуськалію» цяпер адпраўляюць праз парты Мурманску і Усьць-Лугі. Гэта шлях на Кітай празь Ледавіты акіян. У некаторых супрацоўнікаў таксама скарачаюцца заробкі, часам гэта скарачэньне ўдвая. У асноўным падзеньне выплат закранае тых, хто працуе на зьдзельнай аплаце ў шахце.
З траўня па канец кастрычніка «Беларуськалій» працаваў на траціну ад максымальнай магутнасьці. На гэты момант аб’ём вытворчасьці крыху павялічыўся, але пры гэтым шахтароў ледзь ня цэлымі брыгадамі здымаюць з працы і накіроўваюць на адгрузку гатовай прадукцыі. Былі і ёсьць некаторыя службы, у якіх, наадварот, колькасьць працы павялічылася — гэта датычыцца некаторых рамонтных брыгад.
«Пастаўкі ўпалі, але вырасьлі цэны на прадукцыю»
Раней асноўнымі пакупнікамі беларускага калію былі Бразылія, Індыя і Кітай. Пастаўкі ў гэтыя краіны працягваюцца, але і яны скараціліся. Пра гэта гаворыць акадэмічны дырэктар незалежнага акадэмічна дасьледчага цэнтру Beroc Кацярына Барнукова.
«Напрыклад, пастаўкі ў Індыю цяпер на ўзроўні 45% мінулага году, яны ўпалі больш як на палову. Гэтыя пастаўкі ідуць праз расейскую чыгунку і, магчыма, праз расейскія парты. Там таксама былі праблемы з аплатай, абмяркоўвалася аплата ў рупіях. Пра Кітай ёсьць няпоўныя лічбы, але яны паказваюць, што пастаўкі ідуць амаль у поўным ранейшым аб’ёме», — гаворыць Кацярына Барнукова.
Экспэртка зважае, што летась цэны на калійныя ўгнаеньні вырасьлі ўдвая, што дазволіла пакрыць некаторыя страты іншых рынкаў.
«Канкурэнты „Беларуськалію“ гавораць аб падзеньні аб’ёму продажаў на 50%. Аднак цэны на калійныя ўгнаеньні вырасьлі амаль удвая, мяркуючы па кантрактах з Кітаем. Гэта дазваляла трымацца на плаве, але цяпер цэны пачынаюць зьніжацца», — заўважае Кацярына Барнукова.
У такой сытуацыі налета «Беларуськалію» давядзецца скарачаць занятасьць і заробкі, мяркуе экспэртка.
«Мы назіраем зьніжэньне цэнаў на ўсе ўгнаеньні. Калі ў наступным годзе не атрымаецца пашырыць аб’ёмы паставак, то давядзецца больш актыўна скарачаць занятасьць і заробкі. Мы бачылі скарачэньні заробкаў і летась, але заробкі першапачаткова былі дастаткова высокімі», — гаворыць Кацярына Барнукова.