У Іране рэжысэр Джафар Панахі, асуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі, абʼявіў галадоўку. Ён пратэстуе супраць свайго ўтрыманьня ў турме ўжо пасьля таго, як адвакат пасьпяхова аспрэчыў затрыманьне, піша Radio Farda.
Панахі — адзін з самых вядомых іранскіх кінарэжысэраў. Яго фільмы атрымлівалі ўзнагароды Бэрлінскага і Канскага кінафэстываляў, прэміі «Залаты леапард» фэстывалю ў Лякарна і «Залаты леў» Вэнэцыянскага фэстывалю.
У траўні мінулага года Панахі падпісаў адкрыты ліст з асуджэньнем рэпрэсій, якія ўзьмацняюцца супраць свабоды слова і творчасьці ў краіне.
У ліпені 2022 года Панахі затрымалі ў Тэгеране. Суд прыгаварыў рэжысэра да шасьці гадоў турмы праз абвінавачаньне ў падтрымцы антыўрадавых пратэстаў у 2010 годзе і ў «прапагандзе супраць сыстэмы».
Іранскія ўлады заявілі, што вырашылі аднавіць дзеяньне прысуду, вынесенага ў 2010 годзе за тое, што Панахі прысутнічаў на пахаваньні студэнта, застрэленага падчас антыўрадавых пратэстаў у Тэгеране ў 2009 годзе, і паспрабаваў зьняць фільм пра тыя падзеі.