З 1 лютага Аксана Багданава больш ня будзе дырэктаркай музэю Азгура ў Менску. Ініцыятыва By_culture паведаміла, што ўлады ўзяліся за музэй-майстэрню і пастанавілі «забясьпечыць пастаянны кантроль за зьместам культурніцкіх мерапрыемстваў з мэтай недапушчэньня аднаўленьня паказаў спэктакляў, канцэртаў з удзелам дэструктыўна настроеных творчых работнікаў».
Як адзначана пазьней, улады пачалі са «звальненьняў па ўласным жаданьні».
Разам з Аксанай Багданавай праз рэпрэсіі у адрас калектыву звальняюцца адразу 5 спэцыялістаў — гэта 60% навуковых і творчых супрацоўнікаў музэю Азгура.
Пры цяперашнім кіраўніцтве музэй-майстэрня Заіра Азгура праіснавала 19 гадоў. За гэты час тут сфармавалася сучасная культурная прастора, у якой праходзілі канцэрты, выставы, фэстывалі і іншыя імпрэзы.
Раней была інфармацыя, што музэй-майстэрню Азгура плянуюць далучыць да Музэю гісторыі Менску.
Сам будынак паўстаў у 1984 годзе па праекце архітэктара Аладава. Ён уключаны ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.
Канцэпцыя музэю — мэмарыяльны, манаграфічны, мастацкі — была распрацавана на стадыі яго стварэньня і абумоўлена спэцыфікай збору, які быў бясплатна перададзены дзяржаве сям’ёй скульптара пасьля яго сьмерці.
Асноўны фонд музэю на 2012 год налічваў 4009 адзінак захоўваньня, ён уключае дзьве часткі: выяўленчыя калекцыі і мэмарыяльны фонд.