Пераклад Джыма Дынглі кнігі Максіма Знака «Зэкамэрон» трапіў у лік 15 кніг, уганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.
Поўны тытул кнігі па-ангельску такі: Zekameron by Maxim Znak, translated from Russian/Belarusian by Jim Dingley (Scotland Street Press). Country of origin: Belarus.
Пятнаццаць кніг з чатырнаццаці краін чатырнаццаці выдаўцоў, якія ўпершыню былі выдадзеныя на 10 мовах, атрымалі галоўныя ўзнагароды англійскага ПЭН-клюбу за пераклад.
Сярод пераможцаў ёсьць раманы, зборнікі апавяданьняў, дэтэктывы, паэзія, ілюстраваныя мэмуары, графічны раман і — упершыню — кніга з Малі. Сярод прысуджаных тытулаў — першыя мэмуары суданскай жанчыны, перакладзеныя з арабскай на англійскую.
Кнігі адбіраюцца для атрыманьня ўзнагарод PEN Translates на аснове выбітнай літаратурнай якасьці, сілы выдавецкага праекту і іх укладу ў бібліяразнастайнасьць Вялікай Брытаніі.
Сярод пераможцаў сёлетняга году: «Дом» Андрэа Томпа, перакладзеная з вугорскай Жазэфінай Кампаралі, Cade la Terra Кармэн Пэлегрына (пераклад з італьянскай Шона Уайтсайда) і Living Things Муніра Хашэмі (пераклад з гішпанскай Джуліі Санчэс).
«Узнагарода за 15 выданьняў на 10 мовах асабліва падкрэсьлівае працу невялікіх выдаўцоў, якія інвэстуюць у кнігі на яшчэ недастаткова прадстаўленых мовах, такіх як тайская, вугорская і беларуская. Нараўне з узнагародай за беларускія турэмныя мэмуары, ёсьць узнагароды за вершы Ян Ляна, якія не маглі быць апублікаваныя ў Кітаі, а таксама за сьмелыя раманы на тэмы гендэра і сэксуальнасьці двух вядомых расейскіх аўтараў, якія сутыкнуліся з цэнзурай па ўсім сьвеце», — гаворыцца ў паведамленьні сайту thebookseller. com