Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга Максіма Знака «Зэкамэрон», напісанная ў турме, прадаецца ў інтэрнэт-крамах


Максім Знак
Максім Знак

Усяго палітвязень Максім Знак, асуджаны на 10 гадоў калёніі, напісаў у зьняволеньні ўжо тры кнігі.

Продажы кнігі «Зэкамэрон» ідуць пасьпяхова, як у інтэрнэт-крамах Azon і Wildberries, так і ў стацыянарных расейскіх кнігарнях, ёсьць замовы на дадрукоўваньне, паведаміў у фэйсбуку генэральны дырэктар расейскага выдавецтва «Время» Барыс Пастарнак.

«Калі раптам на сайце прачытаеце „Няма ў продажы“, пакідайце заяўку — заўтра будзе. Аўтар у курсе, але кнігі яшчэ ня бачыў. Спадзяёмся, атрымае ад родных з навагодняй сьвяточнай перадачай», — напісаў Барыс Пастарнак.

Замовіць кнігу Знака могуць і жыхары Беларусі.

Барыс Пастарнак таксама апублікаваў урывак з апавяданьня Масіма Знака «Гэта мы»:

«Сёньня было яго дзяжурства, і з гэтай нагоды ён прэзэнтаваў набытыя на апошняй атаварцы інструмэнты: савок (так і напісана), ануча для падлогі. Сродак для сантэхнікі, парашок пральны (дадаць крыху пры мыцьці падлогі для сьвежасьці) і губкі. Усё гэтае багацьце тут атрымалася купіць — рэдкая ўдача!
Праз 10 хвілін пасьля пачатку прыборкі ён са зьдзіўленьнем глядзеў на маленькую чорную граду са сьмецьця. Новы „савок“ прыйшлося напаўняць двойчы. А ўчора была такая ж куча. Страціўшы надзею зразумець, хто цягае сьмецьцё ў камэру, ён вырашыў спытаць:
— Прыбіралі ж! Адкуль гэта ўсё?
— Ды ты паглядзі: пыл з коўдраў, з ваты, дробныя кавалкі тынкоўкі са сьцен, пабелкі зьверху. Гэта мы. Гэта мы павольна ламаем турму».

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG