«Гэта такі тлусты лайк з боку ўлады Беларусі маім сацсеткам»
— Суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» вашы сацыяльныя сеткі. Ваша рэакцыя?
— Гэта такі тлусты лайк з боку ўлады Беларусі маім сацсеткам. Калі яны баяцца маіх сацсетак — гэта азначае, што я раблю ўсё слушна, бо гэта злачынныя ўлады, якія маюць быць на лаве падсудных.
— Як шмат падпісчыкаў у вашых сацыяльных сетках? Ці аналізавалі вы, якая частка вашай аўдыторыі зь Беларусі?
— Агулам у мяне недзе паўтара мільёна падпісчыкаў у розных сацыяльных сетках. Я ня маю інфармацыі пра тое, колькі ў мяне падпісчыкаў зь Беларусі. Але відавочна, што яны ёсьць, і іх багата. Мне пішуць людзі, я бачу адпаведныя паведамленьні. Я дзякую ўсім сваім беларускім падпісчыкам. Дзякуй за тое, што вы са мной. Бачыце, як гэта нэрвуе Лукашэнку. Гэта добра. Значыць, трэба, каб яшчэ больш беларусаў было ў маіх сацсетках.
«Я вельмі не хачу, каб нехта трапіў пад крымінальную справу»
— Як вы думаеце, якая сапраўдная мэта рашэньня прызнаць экстрэмісцкімі матэрыялами вашыя сацсеткі? Наўрад ці рэальна вас прыцягнуць да адказнасьці, але гэта пагроза для вашай аўдыторыі ў Беларусі. Што б вы сказалі вашай беларускай аўдыторыі, акрамя ўдзячнасьці? Якія захады бясьпекі варта зрабіць?
— Я вельмі не хачу, каб нехта трапіў пад крымінальную справу. Аднак жа я не жыву ў Беларусі, таму я ня ведаю, як правільна сябе там паводзіць. Ведаю, што гэта дыктатарская краіна, што такім чынам хочуць людзей напалохаць. Я магу сказаць, што мой абавязак перад беларускімі падпісчыкамі — зрабіць усё, што магчыма, каб рэжым Лукашэнкі найхутчэй паў. Што я і раблю.
Думаю, што гэта яшчэ і рэакцыя на рэзалюцыю ПАРЭ пра стварэньне рэальнага трыбуналу для Пуціна і Лукашэнкі, да якой я сур’ёзна спрычыніўся. Я буду далей рабіць усе гэтыя рэчы. Сваёй аўдыторыі ў Беларусі хачу сказаць: трымайцеся і рабіце сваю справу, дзеля таго каб гэты рэжым быў зьнішчаны. За вас ніхто гэтага ня зробіць. Мы павінны ўсе працаваць.
— Раней Генпракуратура Беларусі завяла супраць вас крымінальную справу за пагрозу гвалтам у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і дыскрэдытацыю Беларусі. Ці прыходзілі непасрэдна да вас нейкія паведамленьні, пазовы з гэтай нагоды?
— Не. Усё адбываецца ў публічнай прасторы. Ёсьць краіны АДКБ. Магчыма, мяне там у вышук абвясьцілі. Ня ведаю. Я ў гэтыя краіны не заяжджаю...
«Няма ніякіх вучэньняў, Беларусь акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй»
— Я хацела б пагаварыць пра чарговыя расейска-беларускія вучэньні. Мінабароны абвясьціла аб пачатку 31 студзеня «сумеснай штабной трэніроўкі Абʼяднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў». 1 лютага павінны скончыцца беларуска-расейскія лётныя вучэньні. Як бы вы ацанілі пагрозу для Ўкраіны ад гэтых манэўраў і іх сапраўдную мэту?
— Няма ніякіх вучэньняў, Беларусь акупаваная Расейскай Фэдэрацыяй. Адпаведны праект пастановы мы з калегамі падрыхтавалі, і ён ляжыць у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Гэтыя вучэньні — пагроза Ўкраіне, намаганьні адвесьці нашы сілы на паўночную мяжу. Гэта сапраўды рэальная пагроза, якая, на жаль, існуе з поўначы акупаванай Беларусі. Тут усё відавочна.
— Я хацела папрасіць вас пракамэнтаваць інфармацыю, якую даволі шмат нядаўна абмяркоўвалі і якой не знайшлі афіцыйнага пацьверджаньня, што Ўкраіна нібы блякуе ўдзел Сьвятланы Ціханоўскай у супольных з эўрапейцамі мерапрыемствах. Што вам вядома пра гэта?
— Я зусім нядаўна сустракаўся зь Ціханоўскай і яе камандай на Эканамічным форуме ў Давосе і ня маю ніводнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі. Думаю, што гэта няпраўда.
— Ці падтрымліваеце вы сувязь з палком Каліноўскага? Ці сочыце за тым, што адбываецца, за нядаўнім візытам Зянона Пазьняка ва Ўкраіну?
— Так, падтрымліваю. Я, на жаль, ня быў у Кіеве, але ведаю пра гэты візыт. На базе дэпутацкага абʼяднаньня «За дэмакратычную Беларусь», якое я ўзначальваю, гэта і адбываецца. Мы рэгулярна праводзім розныя сустрэчы — і з прадстаўнікамі палку Каліноўскага, і зь беларускімі валянтэрамі, і будзем працягваць гэта рабіць.