Суд Ленінскага раёну Магілёва 23 студзеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сацсеткі дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксея Ганчарэнкі, паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Раней Генпракуратура Беларусі завяла супраць Ганчарэнкі крымінальную справу за пагрозу гвалтам у дачыненьні да Лукашэнкі і дыскрэдытацыю Беларусі.
Аляксей Ганчарэнка заяўляў, што прызнае легітымнымі прадстаўнікамі Беларусі полк Каліноўскага, Сьвятлану Ціханоўскую і Аб’яднаны пераходны кабінэт.
У Telegram і Facebook на яго падпісаныя па 200 тысяч чалавек.
Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка, камэнтуючы рашэньне аб уключэньні ягоных сацыяльных сетак у пералік экстрэмісцкіх у Беларусі, з іроніяй адзначыў, што беларускі суд пераблытаў ягоны youtube-канал з тэлеканалам «Прямий».
«Наконт маіх сацсетак, то давядзецца прасіць полк Каліноўскага, каб „разбаніў“. Мяркую, што яны неўзабаве наведаюцца і ў Магілёў, і ў Менск, і ў Берасьце. А ведаеце, што сьмешна? Гэтыя ідыёты пераблыталі мой youtube-канал і youtube-канал „Прямого“» і замест майго назвалі экстрэмісцкім youtube-канал «Прямого», — напісаў Аляксей Ганчарэнка ў сваім тэлеграм-канале.
Украінскі дэпутат перакананы, што гэтае рашэньне беларускіх уладаў зьвязаны з тым, што ён неаднаразова заяўляў, што Аляксандар Лукашэнка будзе несьці адказнасьць за саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Тэлеканал «Прямий» у свой час належаў папярэдняму кіраўніку Ўкраіны Пятру Парашэнку, але калі праваахоўныя органы пачалі ягоны перасьлед, экс-прэзыдэнт перадаў актывы па кіраваньні тэлеканалу журналісцкаму калектыву.
Таксама ў «экстрэмісцкі» сьпіс трапілі ўкраінскі YouTube-канал «Тэлеканал Прамий», на які падпісана больш за 2,3 млн карыстальнікаў, і ролік з расьсьледаваньнем забойства журналіста Паўла Шарамета.