«МАК рашучым чынам абвяргае гэта і іншыя паклёпніцкія заявы. Яны ня могуць служыць асновай для якой-небудзь канструктыўнай дыскусіі», — гаворыцца ў заяве Міжнароднага алімпійскага камітэту, якую цытуе Reuters.
Раней МАК заклікаў дапусьціць прадстаўнікоў Расеі і Беларусі да спаборніцтваў у нэўтральным статусе пры ўмове, што яны не былі заўважаныя ў актыўнай падтрымцы вайны ва Ўкраіне. Акрамя таго, прэзыдэнт арганізацыі Томас Бах заявіў, што хоча, каб спартоўцы з Расеі і Беларусі змаглі ўзяць удзел у Гульнях у Парыжы ў 2024 годзе.
Таксама Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў пра лісты ад двух прадстаўнікоў Камітэту ў правах чалавека ААН, якія раней выказалі занепакоенасьць праз тое, што нядопуск расейцаў і беларусаў да спаборніцтваў можа ісьці за іхную нацыянальнасьць. На думку МАК, допуск да турніраў пры ўмове нэўтральнага сьцяга не супярэчыць Алімпійскай хартыі.
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі запрасіў кіраўніка МАК наведаць Бахмут, каб той пераканаўся, што «любы нэўтральны сьцяг расейскіх спартоўцаў заплямлены крывёй».
Ініцыятыву МАК раскрытыкаваў і дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк.
«МАК прапануе сьвету прасоўваньне гвалту, масавых забойстваў, разбурэньняў. І таму настойвае, што расейскія спартоўцы павінны ўдзельнічаць у спаборніцтвах як безумоўныя «амбасадары сьмерці», — напісаў у твітэры Падаляк.
Міністар моладзі і спорту Ўкраіны, кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Вадзім Гутцайт заявіў, што ў выпадку допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду яе могуць байкатаваць украінскія атлеты.