Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад белай плямай замест нацыянальнага сьцяга. Пра спорт у краіне, дзе пануе дыктатура


Арына Сабаленка ў фінале Australian Open
Арына Сабаленка ў фінале Australian Open

Арына Сабаленка перамагла на Australian Open пад белай плямай на месцы нацыянальнага сьцяга: дэманстраваць сымболіку лукашэнкаўскай Беларусі і пуцінскай РФ на тэнісных спаборніцтвах цяпер забаронена з прычыны агрэсіі Пуціна і Лукашэнкі супраць Украіны.

У іншы час такая спартовая перамога была б нагодай радавацца нават для тых, хто не цікавіцца тэнісам. Але цяпер радасьць ад яе сумнеўная.

2020–2021 гады расставілі ў беларускім спорце многае па сваіх месцах: дзе Герасіменя, Ціманоўская, Раманоўская і нават колішняя атлетка і адыёзная прапагандыстка Інга Хрушчова — а дзе Арына Сабаленка, якая ў важны для краіны момант падпісала ліст у падтрымку рэжыму і публікавала апалітычныя развагі ў сваіх сацыяльных сетках, крытыкуючы праціўнікаў Лукашэнкі.

Няма ідэі, якая была б больш наіўнай і крывадушнай, чым «спорт па-за палітыкай».

Прафэсійны спорт ад самога пачатку быў, ёсьць і будзе сублімацыяй вайны, а значыць, паводле азначэньня будзе заставацца палітыкай. Асабліва для аўтарытарных і таталітарных рэжымаў, якія маюць нашмат большую патрэбу ў эмацыйных прапагандысцкіх посьпехах, чым дэмакратыі.

І мы бачым, што прапагандысцкі апарат Лукашэнкі напоўніцу, з усімі сваімі, як цяпер гавораць, крынжовымі вэрбальнымі і візуальнымі грымасамі «адпрацоўвае» перамогу Сабаленкі. Характэрна, што часам пры гэтым лукашысты «па Фройду» ў першых жа абзацах абрынаюцца на праціўнікаў рэжыму, якіх яны цяпер усімі магчымымі праклёнамі і заляцаньнямі спрабуюць завабіць назад у Беларусь: месцаў у турмах яшчэ хапае.

Беларусі не патрэбна футбольная фэдэрацыя, не патрэбен тэніс, не патрэбен хакей і не патрэбен Алімпійскі камітэт, пакуль усё гэта ня больш, чым забаўкі ў руках дыктатара і прапагандысцкая зброя для апраўданьня рэжыму, пры якім некалькі тысяч беларусаў зьяўляюцца палітвязьнямі (сярод іх нобэлеўскі ляўрэат), а дзясяткі тысяч — палітычнымі ўцекачамі (сярод іх яшчэ адзін нобэлеўскі ляўрэат).

Допуск спартоўцаў з аўтарытарных краінаў на міжнародныя спаборніцтвы — гэта допуск напампаваных допінгам рабоў (глядзі спартовую гісторыю Ўсходняй Нямеччыны, СССР і КНР або зборнай Расеі на Алімпійскіх гульнях у Сочы) і аблашчаных дыктатарам лейтэнантаў КДБ (ці якое там апошняе званьне ў Дар’і Домрачавай). Слава, якую яны прыносяць сваёй краіне, сумнеўная. Узгадайма, як нядаўна іранцы заўзелі супраць сваёй зборнай на чэмпіянаце сьвету ў футболе ў Катары. І як лёгка зразумець многім беларусам іхныя эмоцыі.

Выходзіць з рабамі і чэкістамі на адзін рынг ці тэнісны корт — таксама неадназначная рэч з маральнага пункту гледжаньня. І таму Міжнародны Алімпійскі камітэт робіць памылку, дапускаючы ўдзел спартоўцаў зь Беларусі і Расеі ў гульнях у Парыжы ў 2024 годзе. І Ўкраіна будзе цалкам мець рацыю, калі сапраўды наважыцца абвясьціць гэтым гульням байкот — хочацца спадзявацца, што яна ў такім выпадку будзе не ў адзіноце.

Калі вам дадзеная трыбуна, дзе ваш голас пачуе хоць сто, хоць тысяча чалавек, а пагатоў калі да вас як да спартовай зоркі прыслухаецца цэлы сьвет — выкарыстайце гэту трыбуну для таго, каб выказацца супраць тыраніі і ў падтрымку тых, хто змагаецца супраць зла, супраць гвалту і прымусу.

Ад Арыны Сабаленкі мы, падобна, нічога такога не пачуем і не пабачым. Гэта, вядома, яе права і свабода, пагатоў яна жыхарка ЗША, якая, хутчэй за ўсё, ужо ніколі ня вернецца жыць у Беларусь. І гэта яшчэ адна падстава не для радасьці, але для суму і роздуму з нагоды апошняй перамогі на Australian Open.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG