Больш за 100 афганскіх дзяўчат, якія атрымалі пяцігадовыя стыпэндыі, ужо знаходзяцца ў названых краінах, каб пачаць навучаньне, паведамілі арганізатары. Праект для садзейнічаньня пашырэньню правоў і магчымасьцяў афганскіх жанчын стартаваў у 2019 годзе, калі ў Кабуле яшчэ быў урад, які падтрымліваўся Захадам.
Ініцыятыва накіравана на тое, каб афганскія жанчыны атрымалі магчымасьць вучыцца за мяжой і мець лепшыя магчымасьці для кар’ернага росту, калі яны вернуцца дадому ў якасьці кваліфікаваных спэцыялістак. На першым этапе праекту — поўныя стыпэндыі 50 дзяўчатам для навучаньня ў Казахстане і Ўзбэкістане да 2025 году.
Удзельніц другога этапу праграмы адабралі ўсяго за некалькі месяцаў да таго, як у жніўні 2021 году да ўлады ў Кабуле вярнуліся талібы, што паставіла будучыню як праекту, так і студэнтак у вялікую няпэўнасьць. З тых часоў урад пад кіраўніцтвам талібаў забараніў навучаньне дзяўчатам пасьля пачатковай школы і забараніў жанчынам наведваць унівэрсытэты. Жанчын таксама звальняюць з многіх працоўных месцаў і забараняюць працаваць у няўрадавых арганізацыях.
Нягледзячы на пазыцыю талібаў адносна адукацыі і працы жанчын, арганізатарам праекту ўдалося прывезьці 105 удзельніц другой фазы ў Цэнтральную Азію.
Крыніцы паведамілі Радыё Свабода, што МЗС Казахстану адыграў вырашальную ролю ў «перамовах з усімі бакамі», каб арганізаваць паездку жанчын з Афганістану. Прадстаўніцтва Фонду разьвіцьця ААН (ПРААН) у Казахстане, якое кіруе праектам, паведаміла, што казахстанскія ВНУ прымуць 50 студэнтак. Яшчэ 30 будуць вучыцца ва Ўзбэкістане, 25 — у Кіргізстане.
Чакаецца, што жанчыны завершаць навучаньне ў 2027 годзе.
Калі праграма пойдзе паводле пляну, 155 студэнтак атрымаюць дыплёмы ў розных галінах: ад сельскай гаспадаркі, фінансаў і горназдабыўнай прамысловасьці да інжынэрыі, маркетынгу і інфарматыкі. Іх кампэтэнцыі могуць спатрэбіцца тады, калі ў Афганістане зьменіцца ўлада на больш спрыяльную для жанчын.
Праграма разьвіцьця ААН заявіла, што «канчатковае рашэньне аб вяртаньні ў Афганістан застаецца на меркаваньне кожнай выпускніцы».