У беларускіх ВНУ зьменшаць колькасьць месцаў на платную форму навучаньня, бо ў папярэднія гады пляны прыёму на платныя формы не выконваліся, заявіў БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Касьпяровіч.
Што бюджэтнай формы навучаньня ў ВНУ, сёлета скарачаць лічбы прыёму не плянуюць, заявіў ён.
«Так, будзе карэкціроўка плянавых лічбаў у бок павелічэньня прыёму недзе ў рэгіянальных ВНУ, недзе павялічым і ў сталічных на запатрабаваныя спэцыяльнасьці: мэдыцынскія, пэдагагічныя і гэтак далей. Але ў цэлым бюджэтныя лічбы захаваюцца», — адзначыў ён.
Агулам у 2023 годзе беларускія ВНУ, паводле Сяргея Касьпяровіча, прымуць на бюджэт і платную форму навучаньня каля 50 тысяч студэнтаў. Чыноўнік адзначыў, што новая мадэль правілаў прыёму дае магчымасьць фармаваць неабходнае разуменьне, што «вышэйшая адукацыя — гэта не для ўсіх».
«Вышэйшая адукацыя — гэта конкурс, гэта сур’ёзны адбор. Тыя, хто прыняў рашэньне паступаць у ВНУ, павінны ўсьведамляць гэта і быць гатовымі да гэтага. Таксама ўсе павінны разумець, што эканоміцы патрэбныя і працоўныя кадры, патрэбныя спэцыялісты сярэдняга зьвяна, сярэдняй спэцыяльнай адукацыі», — сказаў Касьпяровіч.