Кваліфікацыйная камісія ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці прыняла рашэньне ануляваць ліцэнзіі Тацяны Лішанковай і Дзьмітрыя Пігуля, якія працавалі ў Менскай абласной калегіі адвакатаў.
Лішанкова абараняла каардынатарку Лятучага ўнівэрсытэту Тацяну Вадаласкую, фігуранта «справы Ціханоўскага» Яўгена Рэзьнічэнку, актывістаў Яўгена Батуру, Андрэя Юркова, Зьмітра Паліенку.
Дзьмітры Пігуль абараняў аднаго зь сябраў пратэстнай групы «Буслы ляцяць», а таксама асуджаную разам са стрыечным братам палітыка Паўла Латушкі Анатолем палітзьняволеную Алену Маліноўскую, палітвязьня Арцёма Анішчука.
Пігуля затрымалі ў верасьні 2022 году. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён стаў фігурантам справы па арт. 407 КК (выдаваньне зьвестак папярэдняга сьледзтва або закрытага судовага пасяджэньня).
Рашэньне аб пазбаўленьні ліцэнзій, як паведаміў Мінюст, было прынятае ў сувязі з прымяненьнем да іх «дысцыплінарных спагнаньняў у форме выключэньня з калегіі за ўчыненьне правін, не сумяшчальных са званьнем адваката (ажыцьцяўленьне дзеяньняў, якія дыскрэдытуюць званьне адваката і адвакатуру)».
Адвакаты Аксана Белая, Натальля Волкава, Вольга Дзямідчык і Сяргей Дзем’янчук паводле рашэньня камісіі ня змогуць выконваць свае абавязкі з прычыны «недастатковай кваліфікацыі». Яшчэ трое — Дзяніс Коўтун, Анастасія Малахава, Ларыса Суслікава — павінны прайсьці атэстацыю яшчэ раз праз паўгода.
Камісія атэставала двух адвакатаў: Кацярыну Малюкову і Івана Марчанкава.
30 сьнежня 2022 году Міністэрства юстыцыі паведаміла аб пазбаўленьні ліцэнзій 10 адвакатаў.