Урад Нямеччыны пагадзіўся перадаць Украіне танкі Leopard 2 і дазваляе рээкспарт у іншыя краіны. На першым этапе Нямеччына перадасьць 14 танкаў, а таксама матэрыяльна-тэхнічнае забясьпячэньне і боепрыпасы.
Зьвесткі пра тое, што Нямеччына пагадзілася на адпраўку танкаў «Леапард» Украіне, зьявіліся 24 студзеня. Як паведамляў часопіс Der Spiegel, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц вырашыў адправіць Украіне танкі «Леапард 2» дастаткова сучаснай мадыфікацыі 2A6.
Раней адправіць свае «Леапарды» Ўкраіне ў выпадку дазволу з боку Бэрліну плянавалі Польшча, Нідэрлянды і Гішпанія. Паведамлялася, што да іх могуць далучыцца Італія, Данія і Фінляндыя.
Канал ABC з спасылкай на ананімную ўкраінскую крыніцу інфармаваў, што перадаць Кіеву «Леапарды» з дазволу Нямеччыны паабяцалі 12 краін, гаворка можа ісьці прыблізна пра 100 танкаў.
24 студзеня газэта The Wall Street Journal паведаміла з спасылкай на крыніцы, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна схіляецца да паставак Украіне танкаў М1 «Абрамс».
Газэта паведамляе, што пастаўкі могуць быць часткай дамоўленасьці з Бэрлінам, якая прадугледжвае дазвол на адпраўку ва Ўкраіну «Леапардаў». Sky News Arabia піша, што гаворка ідзе пра 10 танкаў амэрыканскай вытворчасьці.
- Паводле ацэнкі дасьледчага праекту Oryx, зь лютага мінулага году Ўкраіна страціла 449 танкаў.