У населеныя пункты Чарнігаўскай вобласьці разам з расейскімі вайскоўцамі заходзілі супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, якія шукалі сярод украінцаў інфарматараў аб пазыцыях Узброеных сіл Украіны, а таксама аб месцах знаходжаньня ў Чарнігаўскай вобласьці «амэрыканскіх лябараторый». Гэта стала вядома з апублікаванага выраку аднаго з раённых судоў Чарнігаўскай вобласьці.
Адразу пасьля пачатку вайсковага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія СМІ пачалі распаўсюджваць інфармацыю, што ў Украіне ёсьць «амэрыканскія лябараторыі», у якіх нібыта распрацоўвалася біялягічная зброя. Цяпер стала вядома, як расейцы «выбівалі» гэтыя зьвесткі з цывільных жыхароў.
Ва Ўкраіне завочна асудзілі яшчэ аднаго расейскага вайскоўца, які нарадзіўся ў Хасавюрце (Дагестан, Расея), да 10 гадоў пазбаўленьня волі за парушэньні правілаў і звычаяў вайны. Цяпер яго абвясьцілі ў міжнародны вышук. Пакараньне ён пачне адбываць ад моманту затрыманьня.
Паставілі на калені тварам да сьцяны, скралі ўсе зьберажэньні
Расейскія войскі акупавалі вёску Стары Быкаў Нежынскага раёну Чарнігаўскай вобласьці на трэці дзень вайны — 27 лютага 2022 году. У гэты раён расейцы ўвайшлі з тэрыторыі Беларусі.
Цягам усёй акупацыі расейцы ня толькі рабавалі мясцовых, але і катавалі іх, каб атрымаць ад іх зьвесткі аб пазыцыях украінскіх войскаў і аб «амэрыканскіх лябараторыях». Тады расейская прапаганда якраз распаўсюджвала фэйк, што сетка такіх устаноў працуе якраз у Чарнігаўскай вобласьці.
28 сакавіка група расейскіх вайскоўцаў з аўтаматамі, сярод якіх былі двое ў форме з надпісам «ФСБ», уварвалася ў прыватны дом сямейнай пары, калі ў іх знаходзілася яшчэ і суседка. Пагражаючы расстрэлам, яны прымусілі ўсіх стаць на калені тварам да сьцяны і падняць рукі ўверх.
У такім стане яны знаходзіліся ўвесь час, пакуль расейцы праводзілі ператрус у хаце. У выніку ў украінцаў забралі два мабільныя тэлефоны, сыстэмны блёк ад пэрсанальнага кампутара, 100 тысяч грыўняў і тры тысячы даляраў. Суседку і гаспадара хаты адпусьцілі, а ягонай жонцы завязалі скотчам рукі за сьпінай і забралі з сабой.
Як расказвала жанчына ў судзе, яе западозрылі ў шпіянажы на карысьць украінскага войска, таму для допытаў яе перавезьлі ў іншае месца. Везьлі ў бронеаўтамабілі, заклеіўшы вочы скотчам.
Прымушалі гаварыць па-расейску
Жанчына мяркуе, што яе дапытвалі ў мясцовым Доме культуры. Допыт суправаджаўся пагрозамі фізычнага і псыхалягічнага характару, прыніжэньнем і прымусам гаварыць на расейскай мове.
Расейцы патрабавалі ад жанчыны інфармацыі пра разьмяшчэньне падразьдзяленьняў Узброеных сіл Украіны і пра наяўнасьць у вёсцы амэрыканскай лябараторыі. Яны сьцьвярджалі, што паводле наводкі дачкі гэтай жанчыны ўкраінскае войска зьнішчыла каля 20 расейскіх салдат.
Пасьля допыту жанчыну зноў перавезьлі ў іншае месца і там кінулі ў склеп, дзе яна знаходзілася тры дні з заклеенымі скотчам вачыма і з рукамі за сьпінай. Цягам гэтых дзён цывільнай палоннай давалі ежу і гарбату толькі адзін раз, і толькі адзін раз дазволілі выйсьці ў туалет.
Жанчыну вызвалілі мясцовыя жыхары празь некалькі гадзін пасьля таго, як расейскія войскі пакінулі вёску і ўвогуле выйшлі з тэрыторыі Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей.
Праваахоўныя органы Ўкраіны ўжо зафіксавалі 65 660 злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.