Сярод прычын Гутэрыш назваў «узаемазьвязаныя» праблемы, у тым ліку кліматычныя зьмены і вайну ва Ўкраіне.
«Гэтай вайне надыдзе канец. Канец ёсьць ва ўсяго. Але я ня бачу канца вайны ў найбліжэйшай будучыні, — цытуе Гутэрыша „Голас Амэрыкі“. — На дадзены момант я ня думаю, што ў нас ёсьць шанец прасунуць (перамовы) або быць пасярэднікамі ў сур’ёзных перамовах для дасягненьня міру ў кароткатэрміновай пэрспэктыве».
Гутэрыш сказаў, што «сурʼёзны ўзровень геапалітычнага расколу і недаверу на працягу многіх пакаленьняў» падрывае намаганьні па вырашэньні глябальных праблемаў, якія таксама ўключаюць няроўнасьць, крызіс кошту жыцьця, выкліканы імклівым ростам інфляцыі і энэргетычным крызісам, зацяжныя наступствы пандэміі COVID-19, збоі ў ланцужках паставак і шмат што іншае.
Праблему зьмены клімату Генэральны сакратар ААН назваў «экзыстэнцыйнай», падкрэсьліўшы, што «глябальнае абавязаньне» абмежаваць падвышэньне тэмпэратуры на 1,5 градуса паводле Цэльсія «сышло амаль на нішто».