Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Давосе: «Мы абмяркоўваем стварэньне міжнароднай кааліцыі ў падтрымку свабоднай Беларусі»


Сьвятлана Ціханоўская ў Давосе
Сьвятлана Ціханоўская ў Давосе

Лідэрка беларускіх дэмакратычных сіл Сьвятлана Ціханоўская хоча стварыць міжнародную кааліцыю ў падтрымку свабоднай і незалежнай Беларусі — пра гэта яна заявіла на Сусьветным эканамічным форуме ў швайцарскім Давосе.

На думку Сьвятланы Ціханоўскай, ідэю стварэньня міжнароднай кааліцыі пагодзяцца падтрымаць Польшча, Літва, іншыя краіны Эўразьвязу і ЗША.

«На сустрэчах мы абмяркоўваем запуск міжнароднай кааліцыі ў падтрымку незалежнай і свабоднай Беларусі», — заявіла Ціханоўская.

Таксама яна выступіла з ініцыятывай распрацаваць комплексную стратэгію па Беларусі.

«Праблема ня ў тым, што стратэгія па Беларусі дрэнная: яе проста няма. Дзеяньні Захаду павінны быць пасьлядоўнымі і вырашаць праблемы, а не сымптомы».

Палітык упэўненая, што праблема — гэта дыктатура ў Беларусі, бо, «пакуль Лукашэнка ва ўладзе, рэпрэсіі будуць працягвацца, а Беларусь будзе пагрозай для сьвету», — дадала Ціханоўская.

Падчас выступленьняў на дыскусіях форуму яна заклікае адрозьніваць беларусаў і ўлады краіны, падтрымліваць палітзьняволеных і стварыць міжнародны фонд для падтрымкі рэпрэсаваных. Раней яна папрасіла міжнародныя карпарацыі заказваць рэкляму ў незалежных беларускіх СМІ, каб падтрымаць беларускую незалежную журналістыку фінансава.

З кім сустрэлася Ціханоўская

Акрамя таго, Сьвятлана Ціханоўская правяла дзьве асобныя сустрэчы зь міністрам замежных справаў Гішпаніі Хасэ Мануэлем Альбарэсам, а потым і з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Пэдра Санчэсам. Яна падзякавала за дапамогу і салідарнасьць. Падчас сустрэчы зь міністрам замежных справаў абмеркавалі судовыя працэсы над сябрамі Каардынацыйнай рады, Алесем Бяляцкім, Андрэем Пачобутам і журналістамі Tut.by, а таксама гаварылі пра новыя абвінавачаньні супраць Сяргея Ціханоўскага.

Міністар замежных справаў запэўніў, што Гішпанія не прызнае рашэньня судоў і не прызнае рашэньня рэжыму Лукашэнкі пра непрызнаньне дакумэнтаў, пазбаўленьне грамадзянства, паколькі ён ня мае ніякай легітымнасьці. Гішпанія працягне выдаваць візы беларусам у Менску, незалежна ад рашэньня Лукашэнкі. Размаўлялі палітыкі таксама пра патэнцыйны фармат часовых дакумэнтаў для беларусаў, якія выехалі ў краіны Эўрапейскага зьвязу і не падтрымліваюць рэжым.

Бакі дамовіліся, што ў наступныя месяцы запусьціцца праграма рэабілітацыі для рэпрэсаваных беларусаў. Першыя сем’і ўжо неўзабаве паедуць у Гішпанію на паўгода-год. Праграма будзе мець рэгулярны характар, яе прафінансуе гішпанскі ўрад.

Прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс выказаў поўную падтрымку Сьвятлане Ціханоўскай і беларускім дэмакратычным сілам. Ён сказаў, што падчас старшынства Гішпаніі ў ЭЗ пытаньне беларусаў будзе стаяць на самым высокім узроўні і Гішпанія будзе запрашаць прадстаўнікоў дэмакрытычных сілаў, а не прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

Таксама Ціханоўская сустрэлася ў Давосе з кіраўніком Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Яна абмеркавала зь ім апошнія вялікія прысуды прафсаюзным дзеячам у Беларусі і запэўніла, што ў найбліжэйшы час дэмакратычныя сілы прадставяць у МАП прапановы па рэалізацыі 33-га артыкулу, які ўжываецца да краінаў, якія сыстэматычна не выконваюць патрабаваньняў і рэкамэндацый арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG