Камісія ў надзвычайных сытуацыях пры Пружанскім райвыканкаме пракамэнтавала сытуацыю з водазабесьпячэньнем ў Пружанах для газэты «Раённыя будні». Для жыхароў гораду ў 11 месцах арганізаваны падвоз пітной вады, разьмешчана 37 біяпрыбіральняў.
У Пружанах на сетках водазабесьпячэньня і каналізацыі гораду вядуцца рамонтна-аднаўленчыя работы. Праз аварыю ў сыстэме водаадвядзеньня часова адключана падача вады.
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай здарэньня паслужыла паломка адной з помпаў.
Раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі рэкамэндуе жыхарам кіпяціць ваду, набраную ў месцах падвозу, перад ужываньнем.
Водазабесьпячэньне абяцаюць аднавіць «у найкарацейшыя тэрміны». Ваду ў горадзе, у якім жывуць 20 тысяч чалавек, пусьцяць пасьля таго, як усе праблемы зьліквідуюць.