«Вікторыя — гэта ўзор маці, якая стварыла даверлівыя стасункі і з роднымі, і з прыёмнымі дзецьмі»
Сузаснавальніца «Фэм-групы» Каардынацыйнай рады Юлія Міцкевіч турбуецца, што на шматдзетных бацькоў улады працягваюць ціснуць. І што могуць пачаць працэдуру прызнаньня стану дзяцей як сацыяльна небясьпечнага. Фэм-актывістка адзначае, што з аднаго боку, прысудзіўшы Вікторыі «хімію», улада паказвае, як яна клапоццца пра шматдзетную маці, пра яе сям’ю.
«А з другога боку, выкарыстоўваюцца ўсе мэханізмы запалохваньня, ціску, сапраўдных рэпрэсіяў супраць яе. Штрафы, даносы ўжо былі. Зараз Вікторыю будуць палохаць так званым „СНСам“ — „сацыяльна небясьпечным становішчам“, у якім нібыта апынуліся яе дзеці. А „СНС“ для маці дастаткова моцны інструмэнт страху — не за сябе, вядома ж, а за дзяцей. Вікторыя — гэта проста ўзор маці, якая стварыла вельмі даверлівыя стасункі і з роднымі, і з прыёмнымі дзецьмі, наладзіла дзецям хатнюю адукацыю, заснавала праект „Свабодная школа“. І вось я зараз пра гэта кажу і непакоюся, ці не нанясе шкоду ёй мой камэнтар. Зь іншага боку, вельмі хочацца падтрымаць Віку, каб такія факты не замоўчваліся, каб людзі ведалі пра мэтады, якія выкарыстоўваюць улады», — кажа Юлія Міцкевіч.
«Цяпер наагул маці забралі зь сям’і. Каго яны пакаралі? Дзяцей»
Сяброўку сям’і, якая пажадала застацца ананімнай, вельмі непакоіць эмацыйны стан дзяцей Вікторыі. За цьвёрдасьць і сілу духу самой жанчыны яна не перакажывае.
«Я менш за ўсё хвалююся за побытавыя праблемы, як муж і дзеці справяцца бяз мамы з гатаваньнем, праньнем, прыбіраньнем. Дзеці ўжо не малыя, усе гэтыя пытаньні ў іх адпрацаваныя, ёсьць альгарытм дзеяньняў: кожнае зь дзетак ведае сваю ролю, свае задачы. Але я вельмі перажываю за эмацыйны стан дзяцей. Не зьдзіўлюся, калі дарослыя „дзядзькі і цёткі“ з кантрольных органаў прыйдуць з чарговай праверкай і будуць заглядваць у каструлі і лядоўню, ацэньваць, ці наведзены парадак у доме».
Суразмоўца расказвае, што сям’ю Вікторыі праверкамі проста замучылі. Правяраюць, ці мэтанакіравана выкарыстоўваецца кожная капейка, атрыманая на дзяцей ад дзяржавы. У той жа час штрафуюць маці на амаль тысячу рублёў за нейкі рэпост у няісным чаце.
«А цяпер наагул маці забралі зь сям’і. Каго яны пакаралі? Дзяцей. Віка вытрымае, але навошта траўмаваць дзяцей? Цынізм проста зашкальвае», — абураецца жанчына.
«Віка — нязломная беларуская багіня і жаўнер свабоды»
Яшчэ адна сяброўка Вікторыі, паэтка, журналістка Валярына Кустава напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
«Калі я вучылася ў школе, то пайшла на першае ў сваім жыцьці вясельле — гэта было вясельле Вікторыя Онахава-Жураўлёва. Ужо тады Віка была прынцыповая, вострая, эмацыйная, гранічна справядлівая. З гадамі ўсё гэта толькі ўзмацнілася ў ёй. А сёньня Віку, маці 13 дзяцей, пасадзілі ў ІЧУ за нібыта парушэнне раскладу хатняй „хіміі“ (у яе быў трохгадовы тэрмін). Віку не зламаць. Але як цяпер яе абняць праз краіны і краты? Віка — нязломная беларуская багіня і жаўнер свабоды. Гэта я ведаю дакладна. Віка выстаіць. Але як дыхаць — зноў ня вельмі зразумела...», — піша Валярына Кустава.
Хто такія сям’я Онахавых-Жураўлёвых
Вікторыя Онахава-Жураўлёва разам з мужам выхоўвае 13 дзяцей, 9 зь якіх прыёмныя. Жывуць яны ў невялікім гарадку Пружаны. Спрабавалі актыўна займацца грамадзкай дзейнасьцю, хацелі вырашыць сацыяльныя і гарадзкія праблемы. Гарадзкім уладам крытыка ня надта пабадалася. Пасьля выбараў 2020 году шматдзетная маці публічна выказалася пра сваё рашэньне перавесьці дзяцей на індывідуальны плян навучаньня. Вікторыя знайшла аднадумцаў і стварыла адукацыйны праект «Свабодная школа».
На сям’ю абрынуліся шматлікія праверкі, кантрольныя органы правяралі «мэтавае выкарыстаньне» кожнага рубля. У лютым 2021 году на шматдзетную сям’ю напісалі данос, у якім нейкі «пільны» грамадзянін з Івацэвічаў паведаміў праваахоўнікам аб людзях (маецца на ўвазе сям’я Вікторыі. — Рэд.), «варожа настроеных да існага дзяржаўнага ладу».
Таксама даносчык выказаў здагадку, што дзеці Вікторыі «атрымліваюць выхаваньне дэструктыўнай, антыдзяржаўнай накіраванасьці», і выказаў сумнеў што да мэтазгоднасьці перадачы дзяцей на выхаваньне такім бацькам, як Вікторыя і яе муж.
Пасля гэтага даносу сям’ю выклікалі ў РАУС на «прафіляктычныя гутаркі». Летась у жніўні ў дом прыйшлі зь ператрусам сілавікі. Забралі пляншэты, тэлефоны, камеру GoPro, іншую аргтэхніку, апісалі маёмасьць. Нібыта ў жніўні 2020-га ў няісным ужо тэлеграм-чаце Вікторыя пакінула камэнтар пад рэпостам артыкула пра берасьцейца Генадзя Шутава.
29 сакавіка 2022 году суд Пружанскага раёну прысудзіў Вікторыі Онахавай-Жураўлёвай 3 гады «хатняй хіміі» паводле ч. 2 арт. 367 КК «Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі».
У жніўні Вікторыі Онахавай-Жураўлёвай прысудзілі 30 базавых штрафу (960 рублёў) за спасылку на «экстрэмісцкі» рэсурс, разьмешчаную на яе старонках у сацыяльных сетках два гады таму (рэсурс тады яшчэ ня быў прызнаны экстрэмісцкім).
29 лістапада Вікторыі прысудзілі 10 дзён арышту за парушэньне ўмоваў адбываньня хатняй хіміі.