Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дастаткова старая сыстэма». Як яшчэ Пуцін адрэагаваў на пастаўку Ўкраіне зэнітных ракетных комплексаў «Patriot»


Комплекс Рatriot у Нямеччыне. Архіўнае фота
Комплекс Рatriot у Нямеччыне. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што пастаўка ЗША зэнітных ракетных комплексаў Patriot украінскай арміі прывядзе да зацягваньня вайны.

Расейскі лідэр заявіў, што гэта «дастаткова старая сыстэма», якая, паводле яго, не працуе так, як расейская С-300. «Няхай ставяць, мы іх пашчоўкаем», — пракамэнтаваў Пуцін навіну аб разьмяшчэньні Patriot ва Ўкраіне.

Комплексы Patriot, аднак, лічацца аднымі з найбольш эфэктыўных відаў зэнітных узбраеньняў. Аб пастаўках гэтай сыстэмы стала вядома 21 сьнежня падчас візыту ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага ў ЗША.

Пуцін таксама заявіў, што Расея імкнецца «скончыць вайну» ва Ўкраіне і не адмаўляецца ад перамоваў з Кіевам. Паводле яго, гэтае ўкраінскае кіраўніцтва «сама сабе забараніла весьці перамовы». «Тым ня менш рана ці позна, вядома, любыя бакі, якія знаходзяцца ў стане канфлікту, садзяцца і дамаўляюцца. Чым хутчэй гэтае ўсьведамленьне прыйдзе да тых, хто нам супрацьстаіць, тым лепш. Мы ж ад гэтага ніколі і не адмаўляліся», — заявіў Пуцін.

У той жа час Крэмль ні разу з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну не выказваў намеру вывесьці войскі з акупаваных украінскіх тэрыторый, якія па выніках арганізаваных Масквой псэўдарэфэрэндумаў былі ўвосень анэксаваныя Расеяй. Кіеў настойвае на вызваленьні ўсіх акупаваных рэгіёнаў Украіны як на абавязковай умове мірнага пагадненьня.

Улады Ўкраіны неаднаразова прасілі сваіх заходніх партнэраў аб пастаўках сыстэм супрацьпаветранай абароны. Яны сталі асабліва важныя на фоне рэгулярных расейскіх абстрэлаў крытычнай і энэргетычнай інфраструктуры Украіны. ЗРК Patriot могуць зьбіваць крылатыя і балістычныя ракеты малой далёкасьці. Украінскія вайскоўцы будуць некалькі месяцаў вучыцца працаваць з гэтай сыстэмай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG