Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс над Анджэем Пачобутам зрабілі закрытым


Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 16 студзеня 2023
Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 16 студзеня 2023

Вядомага журналіста і аднаго зь лідэраў Саюзу палякаў Беларусі судзяць у Горадзенскім абласным судзе. Дату пачатку працэсу двойчы пераносілі зь невядомых прычын.

Суд пачаўся ў 10:30. На працэс спачатку пусьцілі толькі бліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў, іншыя чакаюць у калідоры. Пазьней працэс на патрабаваньне пракурора зрабілі закрытым і ўсіх выставілі ў калідор.

Судзьдзя ў працэсе — Дзьмітры Бубенчык. Разгляд справы журналіста неаднаразова пераносілі: спачатку працэс меў адбыцца 28 лістапада, затым яго перанесьлі на 2023 год — спачатку на 9-га, затым на 16 студзеня. Прычыны пераносаў былі невядомыя.

Анджэя Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).

У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў». Ён за кратамі ўжо паўтара года. Зьняволены мае праблемы з страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Раней паведамлялі, што Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы.

У абвінавачаньні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у мэдыя назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкулы ў Gazeta Wyborcza пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у Magazyn Polski, напісаны ў 2006 годзе і прысьвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.

Увосень 2021 году Пачобут адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Перад судом жонка палітзьняволенага, Аксана Пачобут, адзначыла, што апошні раз бачыла мужа 20 месяцаў таму, як яго павялі з кватэры і пасадзілі ў машыну. Яна адзначыла, што ў апошнім лісьце журналіст перадаў вялікі дзякуй людзям, якія перажываюць за яго да гэтага часу: «...столькі часу прайшло, а яны памятаюць».

За час зьняволеньня ў Пачобута нярэдка былі праблемы зь ліставаньнем. Лісты на польскай мове як ад яго, так і для яго не перадавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG