«Пацярпелі 27 чалавек. Сярод іх шасьцёра дзяцей. Усе ў шпіталі. Гарыце ў пекле, расейскія нелюдзі... Пяцёра ўжо загінулі», — напісаў ён у Telegram.
Пазьней зьявілася інфармацыя пра 39 параненых, у тым ліку 7 дзяцей. Потым колькасьць пацярпелых у выніку атакі расейскіх войскаў на Дніпро вырасла да 60 чалавек.
«Зь іх 12 дзяцей. Выратавальная апэрацыя працягваецца», – паведаміў Рэзьнічэнка.
«Вечная памяць усім, чые жыцьці забраў расійскі тэрор! Сьвет павінен спыніць гэтае зло. Разборка завалаў у Дніпро працягваецца. Усе службы працуюць. Мы змагаемся за кожнага чалавека, кожнае жыцьцё. Мы знойдзем усіх датычных да гэтага тэрору. Усе будуць адказваць. Максымальна», – сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Мэр гораду Барыс Філатаў паведаміў, што разьбіраць завалы будуць усю ноч.
«Увесь раён цалкам абясточаны і адключаны ад сыстэм жыцьцезабесьпячэньня», — сказаў мэр.
Намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Цімашэнка паведаміў, што людзей выцягваюць з разбуранага дому кранамі, сыгналяць ліхтарыкамі і мабільнымі тэлефонамі. Раней сёньня Цімашэнка паведаміў аб як найманей 15 выжылых.
Відавочна, што ўсе дадзеныя прыблізныя, бо разборка завалаў працягваецца.