Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай: «Мы вернемся ў Менск і зноў адкрыем там бюро. Гэта пытаньне часу»


Прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай
Прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай

Новы офіс Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, які​ 10 студзеня адкрылі ў Вільні, будзе рабіць стаўку на асьвятленьне беларускіх падзей, заявіў прэзыдэнт карпарацыі Джэймі Флай.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода​ Джэймі Флай у інтэрвію БАЖ расказаў пра місію мэдыякарпарацыі і пра тое, чаму, на ягоную думку, спробы рэгуляваць інфармацыю асуджаныя на правал.

Паводле Джэймі Флая, у пэўным сэнсе цяперашняя праца Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода​ нагадвае часы, калі існавала жалезная заслона:

«Галоўнае адрозьненьне да нядаўняга часу заключалася ў тым, што мы былі ня голасам здалёк, як падчас халоднай вайны, калі вяшчаньне вялося зь Мюнхэну (Нямеччына), а працавалі непасрэдна з нашай аўдыторыяй, мелі прадстаўніцтвы. Так, у нас да 2021 году працаваў офіс у Менску. А бюро ў Маскве функцыянавала цягам 31 года».

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода​ адзначыў, што высілкі новага офісу ў Вільні будуць сканцэнтраваныя на тым, каб падтрымліваць сувязь з аўдыторыяй у Беларусі і прадстаўляць ёй карысны і запатрабаваны кантэнт:

«Мы палічылі, што мае сэнс знаходзіцца максымальна блізка да нашай аўдыторыі. Мы бачым, што ў Вільні ўтварылася моцная беларуская дыяспара, тут знаходзіцца палітычны лідэр Беларусі. Лічым неабходным стаць часткай гэтай экасыстэмы».

Джэймі Флай лічыць, што трэба ўсурʼёз успрымаць такія пагрозы, як крыміналізацыя журналістыкі, перасьлед рэпартэраў і іхных крыніц інфармацыі:

«Ня меншую трывогу выклікае той факт, што цяпер у Беларусі можна трапіць у турму за наведваньне пэўнага сайту, за падабайку пад публікацыяй або за шэрынг кантэнту ў сацсетках. Я думаю, неабходна падвышаць дасьведчанасьць аб рэальнай сытуацыі ў Беларусі і аказваць вялікую міжнародную падтрымку журналістам, грамадзянскім актывістам, якія спрабуюць зьмяніць сытуацыю ў лепшы бок».

Паводле Джэймі Флая, прыярытэт для Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода​ — вызваленьне зьняволеных журналістаў, якія не рабілі ніякіх злачынстваў.

«Мы робім усё магчымае для прыцягненьня ўвагі з дапамогай нашых рэпартажаў. Нельга забываць, што двое нашых журналістаў — Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык — знаходзяцца ў турме. Рэжым тым часам нацэліўся на сем’і рэпартэраў, пра што сьведчыць перасьлед Дарʼі Лосік, якая патрабавала ўсяго толькі вызваленьня мужа. Але ў выніку сама апынулася за кратамі і цяпер знаходзіцца ў расстаньні са сваёй маленькай дачкой.

Расказваючы гісторыі нашых журналістаў, мы таксама прыцягваем шырэйшую ўвагу да таго, наколькі складаная сытуацыя ў Беларусі. Было шмат узаемадзеяньня ў гэтым пытаньні з палітыкамі, асабліва з чальцамі Кангрэсу ЗША і эўрапейскімі парлямэнтарамі. Гэта пастаянная барацьба за тое, каб трымаць Беларусь у міжнародным фокусе ўвагі і каб на Захадзе працягвалі абараняць інтарэсы тых, хто плаціць максымальную цану за сваю журналісцкую працу».

Будучыня Беларусі Джэймі Флаю бачыцца аптымістычнай:

«Я ведаю, што аднойчы мы вернемся ў Менск і зноў адкрыем там бюро. Я ўпэўнены ў гэтым. Гэта пытаньне часу.

Прызнацца, я з аптымізмам гляджу на будучыню для Беларусі. Мы бачылі, як людзі рашуча выступалі за свабодную і дэмакратычную краіну. Мы назіралі сьмеласьць такіх лідэраў, як Сьвятлана Ціханоўская. Гэта было вельмі натхняльна.

У той жа час спробы ўлады кантраляваць інфармацыю выглядаюць асуджанымі. Такія рэжымы няўстойлівыя. Урэшце яны абваляцца. Гэта, зноў жа, усяго толькі пытаньне часу, а жорсткія рэпрэсіі толькі паскараюць крах. Рана ці позна людзі запатрабуюць перамен. У чалавечай прыродзе закладзена імкненьне да свабоды.

Я ня думаю, што рэжым здольны прадставіць бачаньне будучыні. Гэтым выклікана адчайнае жаданьне ўлады абмежаваць дыскурс. Мне думаецца, што гэта будзе працаваць да пары да часу. Упэўнены, мы дажывём да таго дня, калі мы зможам разам з нашай аўдыторыяй вярнуцца ў свабодную і дэмакратычную Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG