Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Была кулюарная сустрэча з кіраўніцтвам БРСМ». Супрацоўнік Symbal.by пра тое, як крама і Белавус перасякаліся зь дзяржавай


Павал Белавус. Архіўнае фота
Павал Белавус. Архіўнае фота

Сьледчы камітэт агучыў афіцыйную інфармацыю аб справе супраць заснавальніка крамы symbal.by і грамадзкай ініцыятывы «Годна» Паўла Белавуса. Яму выставілі абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве і кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем».

«Распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму»

«Пад відам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якога зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю (краму па онлайн- і офлайн-продажы тавараў), пасьля чаго стаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы», — гаворыцца ў заяве начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Сяргея Паско.

Сьледзтва сьцьвярджае, што Белавус «у інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай зьмены ўлады стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў у адносінах да радзімы».

«За гэта ён атрымаў ад замежных спонсараў больш 150 тысяч даляраў, 50 тысяч эўра і 40 тысяч злотых», — сьцьвярджае Паско.

Адметна, што на працягу гэтых дзесяці гадоў дзейнасьці Павал Белавус і Symbal.by імкнуліся супрацоўнічаць і зь дзяржаўнымі інстытутамі. Белавуса паказвалі на дзяржаўнай тэлевізіі, а мерапрыемствы давалі праводзіць у цэнтры Менску.

АБФФ і «Белыя крылы»

Супрацоўнік Symbal.by на ўмовах ананімнасьці паразмаўляў са Свабодай. Ён кажа, што паўнавартаснага супрацоўніцтва зь дзяржавай ніколі і не было.

«Хутчэй былі асобныя ініцыятывы людзей на месцах. Паколькі ўсё гэта ўпляталася ў агульную канву і было магчыма, а палітыка — гэта мастацтва магчымага, то атрымліваліся нейкія калябарацыі і перайманьні», — кажа суразмоўца.

У 2018 годзе Symbal.by стаў адным з партнэраў Асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» ў распрацоўцы новай формы для нацыянальнай зборнай Беларусі ў футболе. Яна займела назву «Белыя крылы», тыя распрацоўкі выкарыстоўваюцца па сёньня.

Таксама пры дапамозе Symbal.by распрацоўвалася атрыбутыка для заўзятараў. Вялікая прэзэнтацыя формы і мэрчу прайшла ў верасьні 2018 году ў цэнтры Менску, ля Нацыянальнага мастацкага музэю. Уся атрыбутыка была выкананая ў белым і чырвоным колерах.

Тым ня менш лічыць АБФФ паўнавартасна дзяржаўным органам немагчыма. Фармальна асацыяцыя не падпарадкоўваецца дзяржаве, хаця кіраўнікамі АБФФ у розныя гады былі старшыня Камітэту авіяцыі Рыгор Фёдараў, дзяржсакратар Савету бясьпекі Генадзь Нявыглас, прэм’ер-міністар Сяргей Румас. Цяпер Фэдэрацыяй кіруе былы вайсковы камісар Берасьцейшчыны і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Базанаў.

«Нашы людзі ёсьць паўсюль»

«Былі нейкія дробныя сутыкненьні зь дзяржавай, якія несьлі пазытыўныя вынікі. Калі „Менскае роварнае таварыства“ рабіла падзеі супольна зь Менгарвыканкамам ці „Ахова птушак Бацькаўшчыны“ — зь Міністэрствам аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя, то ў нас праектаў такога ўзроўню ніколі не было».

Калісьці менавіта Symbal.by разам з «Арт Сядзібай» стаялі за арганізацыяй першых Дзён вышыванкі, якія праходзілі ў Менску. Потым гэтую ініцыятыву перахапіў БРСМ і правёў сваё аналягічнае сьвяткаваньне.

«У нас нават была кулюарная сустрэча з кіраўніцтвам БРСМ. Праўда, асабліва ні да чога яна не прывяла. Да канца цяжка гаварыць, што ў іх там было ў галовах, але склалася ўражаньне, што там ёсьць людзі з выразнай нацыянальнай пазыцыяй. Для некаторых зь іх каштоўнасьці незалежнасьці, культуры, мовы нешта значылі. Але яны дзейнічалі адпаведна свайму месцу. Варта памятаць, што „нашы“ людзі ёсьць паўсюль», — кажа суразмоўца Свабоды.

«Раённыя БРСМ рабілі ў нас закупкі»

Сустрэча адбывалася напярэдадні афіцыйнага Дня вышыванкі. Таксама супрацоўнік Symbal.by расказвае, што ў краму на праспэкце Машэрава нярэдка заходзілі журналісты дзяржаўных СМІ. Самога Паўла Белавуса запрашалі на ток-шоў на дзяржаўныя каналы, на той момант гэта не было табу.

«У нас быў прыклад супрацы, калі амаль усе менскія раённыя арганізацыі БРСМ закуплялі ў нас вышымайкі, каб іх выкарыстоўваць у сваіх прамацыйных акцыях. Але ў іх не было сваёй бухгальтэрыі і ўсё праходзіла праз гарадзкую арганізацыю, а там кіраўніком быў камуніст Клішэвіч, які цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў. Пару разоў пракаціла, а потым ён стаў абурацца, у каго вы закупляеце. Таму закупкі спыніліся. Ня думаю, што гэта была нейкая каманда зьверху. Хутчэй, проста чалавечы фактар на месцах. Цэнтралізавана нам толькі заміналі, а не дапамагалі», — кажа супрацоўнік Symbal.by.

Падобныя закупкі рабілі і некаторыя дзяржаўныя прадпрыемствы, аддзелы ідэалёгіі гарадзкіх і раённых выканкамаў.

«Гэта ж тады не ішло ў разрэз зь дзяржаўнай ідэалёгіяй. Мы рабілі так, што дзяржава працавала на нашу ідэю. Мы не адмаўляліся ад супрацы, бо хацелі задзейнічаць усе шчылінкі для прасоўваньня мовы і культуры».

«БНР-100 адсьвяткавалі шырока і свабодна»

Адным з самых вялікіх і ўдалых прыкладаў супрацы Паўла Белавуса і Symbal.by зь дзяржавай стала сьвяткаваньне ў цэнтры Менску 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Тады атрымалася дамовіцца, што мітынг і канцэрт пройдуць у сквэры ля Вялікага тэатру опэры і балету.

«Мы гэта бачылі так, што хацелі правесьці сьвяткаваньне ў выглядзе фэсту з фудкортам, кірмашом, канцэртам. Без ангажаванасьці з партыямі і палітычнымі сіламі. Такое мерапрыемства магло прыцягнуць шмат людзей, новую аўдыторыю. Дзяржаве, нам тады здавалася, аказалася гэта выгадным», — кажа суразмоўца.

Па ягоных словах, сьвята сапраўды ўдалося. Як падлічвалі арганізатары, праз сьвяткаваньне ў 2018 годзе прайшло каля 50 тысяч чалавек.

«Наколькі мы ведаем, у Адміністрацыі прэзыдэнта потым былі не задаволеныя вынікамі. Але мы дабіліся свайго, сьвята „БНР-100“ было адсьвяткавана шырока і свабодна».

Хто такі Павал Белавус?

Паўлу Белавусу 35 гадоў. Ён ураджэнец Ліды. Вучыўся ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце па спэцыяльнасьці «турыстычны мэнэджмэнт». Служыў у беларускім войску пад Барысавам.

У 2011 годзе стаў заснавальнікам культурнай прасторы «Арт Сядзіба», суарганізатар шэрагу культурных і асьветніцкіх мерапрыемстваў, як «Дзень вышыванкі», «Мова Фэст».

У 2014 годзе стаў заснавальнікам крамы Symbal.by, дзе прадавалася нацыянальная сымболіка, адзеньне зь беларускім арнамэнтам і прынтамі, сувэніры. Гэта быў пасьпяховы бізнэс, а крама знаходзілася ў цэнтры Менску на праспэкце Машэрава.

У 2020 годзе Белавус стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая займаецца прасоўваньнем брэнду Беларусі, а таксама вывучае беларускую нацыянальную ідэю.

Павал жанаты, мае дваіх дзяцей.

Затрыманы 15 лістапада 2021 году. Утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага. З-за кратаў шле малюнкі і дзіцячыя вершы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG