Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «вагнэраўцы» выйшлі зь ценю, а іх лідэр Прыгожын стаў уплывовым у Крамлі


Яўгеній Прыгожын
Яўгеній Прыгожын

У канцы верасьня «кухар Пуціна» Яўгеній Прыгожын упершыню прызнаў дачыненьне да стварэньня прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», стаў часьцей паводзіць сябе як незалежная палітычная фігура і нават абвясьціў пра адкрыцьцё «ЧВК Вагнер Центра» ў Санкт-Пецярбургу.

Нефармальная легалізацыя «вагнэраўцаў» паўплывала і на танальнасьць паведамленьняў пра сьмерці наймітаў ва Ўкраіне.

З таго моманту, як Прыгожын асабіста паўдзельнічаў у пахаваньні аднаго з салдат, пачало зьяўляцца ўсё больш нэкралёгаў, у якіх пра датычнасьць загінулых да ПВК паведамляецца адкрытым тэкстам, а самі нэкралёгі сталі больш падрабязнымі — хоць раней пра такія сьмерці, як правіла, паведамлялі неафіцыйна і даволі скупа. Таксама з канца верасьня ў расейскіх рэгіёнах сталі масава хаваць вайскоўцаў з кампаніі Прыгожына, якія загінулі яшчэ за некалькі месяцаў да гэтага, піша расейская служба Радыё Свабода.

З 2014 году, калі «вагнэраўцы» ўпершыню былі заўважаныя ва Ўкраіне, журналісты мусілі здабываць інфармацыю пра іх абходнымі шляхамі — гэтак жа, як часам і сваякам саміх загінулых байцоў ПВК. Правілы гульні былі простыя: адмова ад публічнасьці, немагчымасьць разьлічваць на сацыяльныя гарантыі і іншыя бонусы, належныя кадравым вайскоўцам, усё гэта — у абмен на добрую зарплату і шчодрыя кампэнсацыі ў выпадку сьмерці.

Вагнэраўцы ўжо не хаваюць свае твары. Ігар Сьцяпанаў, які загінуў у баях ва Ўкраіне, і ягоны сын Уладзіслаў
Вагнэраўцы ўжо не хаваюць свае твары. Ігар Сьцяпанаў, які загінуў у баях ва Ўкраіне, і ягоны сын Уладзіслаў

Многае, калі ня ўсё, зьмянілася восеньню 2022 году. 24 верасьня Прыгожын асабіста ўзяў удзел у разьвітаньні з загінулым «вагнэраўцам» Аляксеем Нагіным. На цырымоніі разьвітаньня прысутнічаў нават губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў, а адбылася яна ў Трыюмфальнай залі музэю-панарамы «Сталінградзкая бітва». Праз два дні, 26 верасьня, Прыгожын упершыню прызнаў, што стварыў «ПВК Вагнэра». Раней ён адмаўляў сувязь з прыватнай вайсковай кампаніяй і нават судзіўся з журналістамі. Афіцыйна ж ПВК забароненыя расейскім законам і дагэтуль.

З 23 лютага ў расейскамоўных СМІ апублікавалі толькі крыху больш за 10 артыкулаў і нататак, у якіх неафіцыйна гаварылася пра датычнасьць загінулых да «Вагнэра». У канцы лета туды пачалі актыўна вэрбаваць зьняволеных расейскіх калёній і турмаў. Пачаліся паведамленьні пра іх гібель ва Ўкраіне; зрэшты, пра ўсе такія выпадкі паведамлялі неафіцыйна або мімаходзь. Урэшце 23 верасьня пра сьмерць «вагнэраўца», завэрбаванага ў калёніі, упершыню адкрыта напісала буйное СМІ, што базуецца ў Расеі: казанская «Бизнес газета» расказала, як пад Бахмутам загінуў былы лідэр ніжнякамскай арганізаванай злачыннай групоўкі «Кускоўскія» Ігар Куск.

Пахаваньне вагнэраўца ў Набярэжных Чаўнах, Татарстан
Пахаваньне вагнэраўца ў Набярэжных Чаўнах, Татарстан

Пераход ад намёкаў і таямнічасьці да прамых фармулёвак у навінах, зьвязаных з Прыгожыным і «ПВК Вагнэра», можа быць прамым адлюстраваньнем росту яго ўплыву ў Крамлі. Зрэшты, як сказаў у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» экспэрт Цэнтру Карнэгі Андрэй Калесьнікаў, амбіцыі «кухара Пуціна», якія растуць на вачах, могуць яму нашкодзіць:

«Цяпер у яго атрымліваецца вельмі шмат. Так, ён зараз патрэбны Пуціну, бо Пуціну любой цаной патрэбна менавіта ваенная эфэктыўнасьць. Бадзяжны бандыт цяпер на нашых вачах ператвараецца ў стацыянарнага. Ці стане ён канкурэнтам Пуціну? Думаю, што ў Пуціна пакуль усё ж ёсьць рычагі кіраваньня краінай. Ён яго [Прыгожына] выкарыстоўвае, і ён жа можа яго прыбраць пры тым аб’ёме ўлады, які мае, калі яму гэта спатрэбіцца. Хутчэй за ўсё, прыкладна так і будзе. Але шмат залежыць ад таго, наколькі па-майстэрску Прыгожын будзе [дзейнічаць] з самім Пуціным, наколькі пасьпяхова ён будзе даказваць сваю неабходнасьць і адсутнасьць далейшых палітычных амбіцый. Гэта можа яму пашкодзіць».

Сам Прыгожын 1 лістапада зноў выступіў з заявай — гэтым разам пасьля пытаньня, ці дапускае ён, што яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць «ПВК Вагнэра» па артыкуле «наёмніцтва».

Адказу на гэтае пытаньне стваральнік уласнай міні-арміі (хай і такой, якую курыруе, паводле зьвестак незалежных расьсьледаваньняў, расейская вайсковая выведка) ня даў — замест гэтага прапанаваў крытыкам «закрыць раты», «узяць аўтаматы» і пачаць самім «забіваць ворагаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG