Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: У нармальнай дзяржаве супрацоўнікі Tut.by атрымлівалі б прэміі, а не сядзелі б за кратамі


Людміла Чэкіна і Марына Золатава ў судзе. Менск, 9 студзеня 2023 г.
Людміла Чэкіна і Марына Золатава ў судзе. Менск, 9 студзеня 2023 г.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на пачатак суду над гендырэктарам «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людмілай Чэкінай, галоўным рэдактарам Tut.by Марынай Золатавай і іншымі супрацоўнікамі ліквідаванага ўладамі парталу навінаў.

«Марына Золатава, Людміла Чэкіна і ўсе супрацоўнікі Tut.by — гонар беларускай журналістыкі, — падкрэсьліла палітык. — Яны зрабілі для Беларусі больш, чым усе прысутныя ў залі суду прапагандысты, пракуроры, ахоўнікі і іншыя паслугачы. У любой нармальнай дзяржаве яны атрымлівалі б прэміі за прафэсіяналізм, а не сядзелі б за кратамі. Але Беларусь сёньня — гэта не нармальная дзяржава».

Ціханоўская перакананая, што «незалежныя і сумленныя журналісты патрэбныя кожнай дзяржаве, каб прыцягваць увагу да праблемаў і вырашаць іх». Замест гэтага рэжым Аляксандра Лукашэнкі «наймае прапагандыстаў для стварэньня нібыта прыгожай карцінкі ў дзяржаве», а «тых, хто адважыўся гаварыць праўду, рэпрэсуюць, катуюць, запалохваюць».

Золатава і Чэкіна, паводле яе слоў, — не злачынцы, а «выдатныя, сьмелыя, гордыя жанчыны, твары беларускай журналістыкі». «І ўсім нам, беларусам, вельмі пашанцавала зь імі. І пакуль яны не на волі, гэта наш з вамі абавязак — дапамагчы праўдзе перамагчы», — падсумавала Ціханоўская.

Менскі гарадзкі суд 9 студзеня пачаў разглядаць справу Tut.by у закрытым рэжыме. Апрача згаданых Золатавай і Чэкінай, абвінавачанымі па ёй праходзяць яшчэ некалькі былых супрацоўніц партала — рэдактар палітыка-эканамічнага блёку Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка. Апошнія трое на працэс не зьявіліся — паводле інфармацыі BPN, пасьля вызваленьня з-пад варты яны пакінулі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG