Затрымалі мэнэджара «Газпрома» зь Менску
Сілавікі затрымалі начальніка службы зь беларускай дачкі «Газпрома» за выкарыстаньне «Чорнай кнігі Беларусі». Пра гэта паведамілі на тэлеграм-каналах, блізкіх да ўладаў.
Паведамляецца, што ён нібыта «вёў агітацыю ў працоўным калектыве, распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя супраць Беларусі і Расеі».
Актора Андрэя Трызубава арыштавалі на 10 дзён
52-гадовага актора тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» Андрэя Трызубава затрымалі раніцай 4 студзеня ў Менску.
Праваабаронцам стала вядома, што яго арыштавалі на 10 дзён і зьмясьцілі ў ЦІП на Акрэсьціна. Артыкул КаАП, паводле якога яго асудзілі, невядомы.
Кардыёляга асудзілі на 2,5 года «хіміі» за пратэсты 2020 году
У Кастрычніцкім судзе Горадні 4 студзеня асудзілі Антона Навумава паводле ч. 1 арт. 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») КК.
Судзьдзя Маргарыта Ланцэвіч пакарада Антона на 2,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»).
Як паведамляе «Горадзенская праваабарона», Антона затрымалі летась 27 кастрычніка ў Горадні. Пра гэта стала вядома з праўладных тэлеграм-каналаў. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе.
У 2020 годзе Антон Навумаў быў студэнтам Горадзенскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэта. На момант затрыманьня працаваў доктарам у кардыялагічным аддзяленьні Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра, жыў у Менску.