Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі прысуд па справе аб «бруднай вадзе» ў Менску летам 2020 году


Чарга па ваду ў Менску, 24 чэрвеня 2020
Чарга па ваду ў Менску, 24 чэрвеня 2020

Суд Ленінскага раёну Менску 30 сьнежня вынес прысуд дзьвюм службовым асобам, якіх палічыў вінаватымі ў каляпсе з вадой у Менску летам 2020 году.

Аднаму прысудзілі «хатнюю хімію», другога вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці, паведамляе Zerkalo.

Адзначаецца, што абвінавачаная, працуючы зьменным інжынэрам-тэхнолягам тэхналягічнай групы ачышчальнай водаправоднай станцыі вытворчасьці «Мінскводаправод», і абвінавачаны, працуючы інжынэрам раёну па эксплюатацыі водаправодных сетак № 3 вытворчасьці «Мінскводаправод» УП «Мінскводаканал», у пэрыяд з 23 па 24 чэрвеня 2020 году неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі.

Гэта прывяло да таго, што ў разьмеркавальную сетку Менску, а менавіта на тэрыторыю Фрунзэнскага раёну, часткова Кастрычніцкага, Ленінскага і Цэнтральнага раёнаў Менску паступіла вада ненарматыўнай якасьці.

Суд прызнаў, што гэта нанесла шкоду дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва буйным памеры на агульную суму 594 567,86 рубля, а таксама выклікала «прычыненьне шкоды здароўю людзей і іншыя цяжкія наступствы».

Прыгаворам суду зьменны інжынэр-тэхноляг прызнаная вінаватай у неналежным выкананьні службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны нядобрасумленнага стаўленьня да службы, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці прычыненьне шкоды дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва буйным памеры і іншыя цяжкія наступствы. Ёй прызначана пакараньне ў выглядзе «хатняй хіміі» тэрмінам на 4 гады.

Абвінавачаны інжынэр вызвалены ад крымінальнай адказнасьці, у дачыненьні да яго вядзеньне па крымінальнай справе спынена на падставе закону аб амністыі.

Прысуд і пастанова суду не ўступілі ў законную сілу і могуць быць абскарджаныя і апратэставаныя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

  • Праблемы з водаправоднай вадой у Маскоўскім і Фрунзэнскім раёнах Менску пачаліся раніцай 24 чэрвеня 2020 году: яна пачала сьмярдзець. Пазьней дрэнная вада зьявілася і ў іншых раёнах. Чыноўнікі спачатку цьвердзілі, што ўсе паказьнікі ў норме, але ўсьлед за гэтым «Мінскводаканал» забараніў ужываць яе для піцьця. Было паведамлена, што Генпракуратура пачала праверку.
  • Жыхары Менску наладзілі ўзаемадапамогу, прывозілі ваду зь іншых раёнаў сталіцы.
  • У тыя ж дні Лукашэнка адзначыў, што галоўным фактарам у вырашэньні праблемы сталі парадак і дысцыпліна, дадаўшы: «Я да чаго гэта кажу? Дыктатура — гэта дрэнна. А калі за ноч вырашылі праблему найцяжэйшую — дыктатура добра. Павінна быць адказнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG