«Царкву пашкодзілі расейцы»
— Вы нарадзіліся ў Сургуце, жывяце і служыце ў Чарнігаве і называеце сябе беларусам?
— Я нарадзіўся ў сям’і вайскоўцаў зь беларускімі каранямі. Мы пераехалі пазьней у Чарнігаў, тут былі некалі маёнткі маіх продкаў з боку маці і бацькі. Калі я яшчэ быў падлеткам, тата расказаў мне, што мы паходзім са слаўнага роду Ордаў. Насамрэч ува мне і польская, і татарская, і ўкраінская кроў. Але болей беларуская, і я ганаруся, што я беларус.
Чарнігаў — мая бацькаўшчына. Тут я маю жонку, дзяцей. Я адвучыўся чатыры гады ў сэмінарыі і чатыры — у акадэміі. Калі мне было 27 гадоў, то ажаніўся і прыняў сан. Служыў у царкве сьвятой Кацярыны ў Чарнігаве. Пазьней пачаў будаваць храм Івана Ваяра ў Чарнігаве.
— Як, дарэчы, цяпер, ідзе будаўніцтва царквы? Яна ўцалела падчас аблогі Чарнігава і масавых абстрэлаў?
— Будаўніцтва царквы працягваецца. Вернікі дапамагаюць. Грошай, канечне, не хапае. Як і майстроў. Бо царкву пашкодзілі аскепкамі расейцы, калі была аблога. Павыбівалі вокны. Трэба рабіць столь, а майстроў у Чарнігаве не засталося. Усе на вайне. Я б назваў цяпер Чарнігаў «жаночым царствам». Бо на вуліцах жанчыны, дзеці і дзяды. Бадай у кожнай чарнігаўскай сям’і нехта ваюе. У нас шмат вайскоўцаў.
Я першы раз сёлета адслужыў Раство 25 сьнежня. За гэтую дату былі больш маладыя вернікі. Больш сталыя прасілі служыць 7 студзеня. Таму буду служыць два разы.
— Як вы самі сустрэлі 24 лютага 2022 году? Як вы трапілі ў палон?
— Мне сёньня балюча гэта ўзгадваць, душа баліць яшчэ. На той момант я быў капэлянам Нацыянальнай гвардыі. Мяне выклікалі як сьвятара ў вёску Іванаўку адпець бабулю. І я трапіў у палон да расейцаў. (Раней у гутарцы са СМІ сьвятар расказваў, што расейцы пабілі яго, вырашылі, што ён вайсковец, кінулі ў падвал, выводзілі на расстрэл. Сьвятар выжыў, бо вяскоўцы не расказалі расейцам, што ён сьвятар украінскай царквы. — РС).
— Што цяпер зь пераходам парафій ад царквы Маскоўскага патрыярхату да Праваслаўнай царквы Ўкраіны? Зьмянілася нешта пасьля 24 лютага?
— У нас яшчэ да 24 лютага многія парафіі на Чарнігаўшчыне перайшлі да ўкраінскай царквы. Гэты працэс пачаўся ў 2018 годзе, пасьля атрыманьня Томасу (указу Ўсяленскага патрыярха Барталамея аб наданьні аўтакефаліі (незалежнасьці) Праваслаўнай царкве Ўкраіны. — РС).
У нас у вобласьці з 2018 году да нашай царквы перайшлі 36 парафій. Цяпер многія яшчэ ў працэсе пераходу. Па Ўкраіне з 2018 году да Праваслаўнай царквы Ўкраіны перайшлі больш за тысячу грамадаў. Цяпер, канечне, значна больш.
Насамрэч гэта ня так лёгка. Бо калі нават большасьць за пераход да ўкраінскай царквы, усё роўна знойдуцца такія, што будуць гучней за ўсіх крычаць, што яны супраць. У нас ёсьць вёска Лукашоўка. Там была акупацыя. Людзі былі сьведкамі зьверстваў расейцаў. Як людзей забівалі, катавалі, гвалцілі. І вось, хоць большасьць заявіла пра пераход ва ўкраінскую царкву, але былі і такія, што крычалі, што хочуць заставацца пад Маскоўскім патрыярхатам.
Было ў нас і такое, што на сьвятара, які са сваёй парафіяй пераходзіў да ўкраінскай царквы, напалі і ўдарылі бітай па галаве.
Тое, што я бачу: моладзь у большасьці за ўкраінскую царкву. Ёсьць такія «савецкія» людзі, якія пры СССР служылі брыгадзірамі ці дырэктарамі калгасаў, яны за Маскоўскі патрыярхат. Былі і такія, якія пры акупацыі вобласьці выдавалі актывістаў, дапамагалі акупантам. Гэта былі нават сьвятары з Маскоўскага патрыярхату.
«Было такое, што я пахрысьціў мусульманіна»
— Вы цяпер езьдзіце ў «гарачыя пункты», у кірунку Бахмуту, Данбасу. Гэта і капэлянская, і гуманітарная місія?
— Спалучаю і тое, і другое. Як я казаў, вельмі шмат нашых хлопцаў, дый дзяўчат, служаць у Першай Сіверскай танкавай брыгадзе. Яны чакаюць споведзі, правядзеньня набажэнстваў. Я зьбіраю і вязу таксама гуманітарную дапамогу для іх. Але ім найперш важна, каб сустрэцца са сьвятаром, пагутарыць. Бо ў нас жа ў войску няма парторгаў (партыйных арганізатараў, ідэалягічная пасада ў савецкай арміі. — РС). Сьвятар для іх і парторг, і псыхоляг. Наконт таямніцы хросту — такіх патрэб цяпер мала. Нашы хлопцы бадай усе пахрышчаныя. Было такое, што я пахрысьціў і мусульманіна, ён папрасіў. Бо практычна ён ня быў мусульманінам, хацеў быць хрысьціянінам.
Службы і споведзь праходзяць вядома дзе — у падвале ці бліндажы.
— Езьдзіць па «гарачых пунктах» вам страшна? Як вас самога зьмяніла вайна?
— Не баіцца толькі дурань, вядома. Але я з 2014 году бываю ў гарачых пунктах. Таму я проста ўжо стаміўся баяцца. Я ўжо трохі разьбіраюся, як, што і адкуль ляціць. Жыцьцё навучыла мяне.
Мяне вайна зьмяніла так, што я стаў больш думаць пра сьмерць. Пра тое, як дам справаздачу Госпаду, як я жыў, выконваў запаведзі, служыў. Зьмяніла і так, што маё сэрца зацьвярдзела. Гэта, можа, грэх, але гэта так.
Але яшчэ я навучыўся больш любіць людзей і больш прабачаць ім.
— Ёсьць такое выказваньне, што «ў акопах няма атэістаў». З вашага сьвятарскага досьведу — ці адпавядае гэта праўдзе?
— Адпавядае. Калі вакол падаюць снарады, усе гарыць і выбухае, гінуць людзі, то пачынаеш, безумоўна, думаць пра сэнс жыцьця, для чаго ты нарадзіўся, што добрага ты зрабіў, што дрэннага. Хлопцы маюць вялікую патрэбу ў дапамозе сьвятароў. У нас ужо мінімум чатыры капэляны загінулі пасьля 24 лютага. Былі сьвятары і ў палоне. Нашы хлопцы не прымаюць сьвятароў Маскоўскага патрыярхату. Дый яны ня надта імкнуцца на фронт. На вайне з 2014 году я сустракаў такіх адзінкі.
— Што самае цяжкае для вас цяпер? Як можна суцяшаць людзей, якія на вайне страцілі тату, мужа ці сына?
— Калі адпяваеш маладых хлопцаў, 18–19 гадоў, якія нават не цалаваліся, гэта вельмі і вельмі цяжка. Іх бацькі і нават маці потым ідуць у ваенкамат, каб ехаць на фронт. У нас на пахаваньнях цяпер не рыдаюць. Людзі сталі цьвёрдымі, і сьлёзы ў іх і ў нас — скупыя.
За першыя тры гады вайны, з 2014 году, я пахаваў толькі «сваіх» хлопцаў, якія хадзілі да нашай царквы, 36 чалавек. Душа стала нейкая цьвёрдая.
На пахаваньні цяпер мала хто плача. Людзі разумеюць, што хлопцы аддалі свае душы за Бацькаўшчыну. Каб не аддалі, то тут былі б расейцы, забівалі б, вешалі, гвалтавалі. Так, як і было пад акупацыяй тут.
— Ці часта вы чуеце пытаньне і ці маеце на яго адказ: «Дзе Бог, хіба ён ня бачыць, што робіцца?» Што можна сказаць людзям у такім выпадку?
— Бог ёсьць любоў. Тыя, хто быў пад кулямі, хто прайшоў акупацыю — тыя не пытаюць, дзе Бог, бо яны ведаюць адказ. Пытаюцца тыя, хто бачыў вайну па тэлевізары. У нас у Чарнігаве загінулі 700 мірных і 300 вайскоўцаў. А навокал гораду ляжалі трупы 8 тысяч расейцаў (афіцыйнага пацьверджаньня гэтым лічбам няма. — РС). Гэта Бог нас абараніў, дзякуючы ягонай падтрымцы Чарнігаў выстаяў. Людзі гэта бачаць, ведаюць і не пытаюцца. Бог быў з намі, калі з Расеі прыйшло зло. Яны, расейцы, парушылі запаведзі «Не забівай, не рабуй». І будуць пакараныя. Гэта ў руках Госпада. Мы іх караем за іх злачынствы. Гэта не крывавая помста, а адплата ім за зьверствы.
«Для беларусаў праводзіў службы на беларускай мове»
— Што зь «беларускім пытаньнем»? Ці сустракалі вы на вайне беларускіх ваяроў? Як адрэагавалі на вайну вашы сваякі ў Беларусі?
— Чарнігаўшчына — своеасаблівы рэгіён Украіны. Тут моцна пераплеценыя беларусы і ўкраінцы. У Чарнігаве ў нас была і цяпер ёсьць беларуская суполка. На нашых могілках пахаваныя беларусы, якія ваявалі за Ўкраіну з 2014 году і аддалі свае душы. Я быў знаёмы зь беларусамі, ваярамі, якія ваююць за Ўкраіну яшчэ з 2014 году, калі яны былі ў складзе «Тактычнай групы „Беларусь“» і ў складзе «Правага сэктару». Многія і цяпер ваююць. Я прыяжджаў раней да іх, праводзіў службу на беларускай мове. З кнігамі для службы мне дапамаглі сьвятары з ЗША.
Ведаю і пра іншых беларусаў, якія дапамагалі расейцам. Так, былі такія, якія праводзілі іх сюды з Гомельскай вобласьці і назад, бо яны заблукалі. У іх жа былі старыя мапы, савецкія. За той час у нас шмат што зьмянілася. Расейцы нават асфальту дзівіліся. Яны райцэнтар прынялі за Чарнігаў спачатку, бо ня думалі, што ў райцэнтры могуць так заможна жыць.
Са сваякамі ў Беларусі я страціў сувязь, бо расейцы забралі тэлефон, калі я быў у палоне. Але мой стрыечны брат меў сувязь са сваякамі ў Гомлі. Тыя сказалі, што мы бандэраўцы і фашысты, Пуцін нас «вызваляе». Таму цяпер я ня маю зь імі сувязі. Так ім мазгі прамылі.
— Ці будзе некалі на Беларусі свабода, як вы лічыце, і ад чаго гэта залежыць?
— Будзе. Асабліва калі Лукашэнка ўвяжацца ў вайну і атрымае тут па мордзе. Рухне тады ўся гэтая сыстэма лукашызму. Для свабоднай дзяржавы трэба незалежнасьць, войска. Беларускае войска цяпер фармуецца ва Ўкраіне. Шмат ваюе за Ўкраіну і этнічных беларусаў. Ўкраіна пераможа, і гэта спыніць існаваньне лукашызму. Яшчэ трэба, каб Беларусь мела сваю царкву, незалежную ад Масквы.
— У вас ёсьць мары на час, калі скончыцца вайна?
— Мне цяпер 48 гадоў, хутка і 50. Мару, што паеду ў Беларусь і буду займацца там беларускай царквой, буду служыць на беларускай мове. Я то ведаю мову, але ня так дасканала, бо пакуль няма з кім на ёй размаўляць. Але мару, што гэта збудзецца.