Пасьля нечаканага перапынку у судзе над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязьнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасьневым і Вацлавам Арэшкам — 4 студзеня прайшло чарговае пасяджэньне.
Сёньня праваабаронцам стала вядома, што вырак падсудным судзьдзя Алена Папкова зьбіраецца агучыць 5 студзеня.
Палітвязьняў вінавацяць па артыкулах:
- ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
- ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі);
- ч. 3 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці);
- ч.3 арт.361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім).
Каго судзяць
- Вячаслаў Арэшка — беларускі палітоляг і грамадзкі дзеяч, актывіст прафсаюзу РЭП, вядомы як Вацлаў Арэшка. Затрыманы 19 красавіка 2022 года пасьля ператрусу ў кватэры. Вячаслава зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, яму выставілі абвінавачаньне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на вуліцу Валадарскага ў Менску.
- Васіль Берасьнеў — лідэр аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну зьмясьцілі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні. У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.
- Генадзь Фядыніч — былы кіраўнік незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасьць быў асуджаны да 4 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня («хатняя хімія»). 11 красавіка 2022 г. КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваньнем». Генадзя затрымалі 19 красавіка 2022 году і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Пазьней яго перавялі ў СІЗА-1.