Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ў закрытым працэсе судзяць прафсаюзных лідэраў Арэшку, Берасьнева і Фядыніча


Прафсаюзныя лідэры Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вацлаў Арэшка
Прафсаюзныя лідэры Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў, Вацлаў Арэшка

Іх вінавацяць паводле чатырох крымінальных артыкулаў.

Працэс над старшынёй прафсаюзу РЭП Васілём Берасьневым, шматгадовым лідэрам гэтага аб’яднаньня Генадзем Фядынічам і актывістам Вячаславам Арэшкам праходзіць у Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядае судзьдзя Анастасія Папко, паведамляе «Вясна».

На першым паседжаньні пракурор Раман Бізюк прапанаваў правесьці працэс у закрытым фармаце, судзьдзя Анастасія Папко пагадзілася, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Іх вінавацяць па артыкулах:

  • ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
  • ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі);
  • ч. 3 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці);
  • ч.3 арт.361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім).


Каго судзяць

  • Вячаслаў Арэшка — беларускі палітоляг і грамадзкі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП, вядомы як Вацлаў Арэшка. Затрыманы 19 красавіка 2022 года пасьля ператрусу ў кватэры. Вячаслава зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, яму выставілі абвінавачаньне. У ліпені яго перавялі ў СІЗА-1 на вуліцу Валадарскага ў Менску.
  • Васіль Берасьнеў — лідэр аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Ён быў затрыманы 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы. Мужчыну зьмясьцілі ў СІЗА і выставілі абвінавачаньні. У Васіля значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы.
  • Генадзь Фядыніч — былы кіраўнік незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасьць быў асуджаны да 4 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня («хатняя хімія»). 11 красавіка 2022 г. КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) «экстрэмісцкім фармаваньнем». Генадзя затрымалі 19 красавіка 2022 году і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Пазьней яго перавялі ў СІЗА-1.

Улады зьліквідавалі незалежны прафсаюзны рух у Беларусі


Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».

14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня — аб Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.

10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці некалькіх незалежных прафэсійных аб’яднаньняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.

Рэпрэсіі супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году. Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.

«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG