Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: аўтара Youtube-канала MozgON Цыгановіча перавялі на турэмны рэжым, прызначылі дату суду над Пачобутам


Уладзімер Цыгановіч
Уладзімер Цыгановіч

У Беларусі на сёньня 1453 палітвязьні (паводле статыстыкі праваабарончага цэнтру «Вясна»). Іншыя ініцыятывы даюць большыя лічбы.

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Цыгановіча перавялі на турэмны рэжым

42-гадовага аўтара Youtube-канала MozgON Уладзімера Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020 году. На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадзкія, а потым і палітычныя навіны. 31 траўня 2020 году правёў трансьляцыю пікету з Камароўкі, перад пачаткам якога затрымалі Мікалая Статкевіча. Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).

14 сьнежня 2021-га Ўладзімера асудзілі ў «справе Ціханоўскага» на 15 гадоў калёніі. МУС 4 лістапада ўключыла палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў».

У чэрвені яго этапавалі ў папраўчую калёнію № 3. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што Ўладзімеру ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў тэрмінам на 3 гады.

Прызначылі дату суду над журналістам Анджэем Пачобутам

Суд над журналістам і сябрам Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам мусіў пачацца 28 лістапада. Аднак зь невядомых прычынаў працэс адклалі. Сёньня стала вядома новая дата пачатку працэсу — 9 студзеня. Разгяд справы пройдзе у абласным судзе Горадні.

Судзіць журналіста мае Дзьмітры Бубенчык.

Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).

У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў». Ён за кратамі ўжо паўтара года. Зьняволены мае праблемы з страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Раней паведамлялі, што Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG