Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядомая прычына масавых звальненьняў у Нацыянальным мастацкім музеі


Заля ў Нацыянальным мастацкім музэі. Архіўнае фота
Заля ў Нацыянальным мастацкім музэі. Архіўнае фота

У Нацыянальным мастацкім музэі зь мінулага тыдня пачаліся звальненьні супрацоўнікаў. Як паведамляе онлайн-рэсурс Reform.by, на гэты момант з музэю звальняюць 11 чалавек, а звальненьне яшчэ адной супрацоўніцы абмяркоўваецца.

Паводле Reform.by, нагодай для чыстак стаў фатаздымак салідарнасьці часткі калектыву музэю, зроблены ў 2020 годзе. На ім музэйныя спэцыялісты стаяць на прыступках Нацыянальнага мастацкага музэю з плякатамі супраць гвалту і кветкамі. 17 сьнежня «выкрывальны» здымак быў разьмешчаны ў прапагандысцкім Тэлеграм-канале КрысолOFF, а далей была атака на супрацоўнікаў музэю.

У прыватнасьці, адзначае Reform.by, прапагандысты сталі абліваць гразьзю кіраўніцу аддзелу беларускага мастацтва ХХ–ХХI стагодзьдзяў, мастацтвазнаўцу, куратарку Кацярыну Ізафатаву, «выкрыўшы» яе ў карупцыі. Потым «прайшліся» па намесьніках дырэктара Сьвятлане Анейцы і Сяргею Вечару.

Reform.by піша, што журналісты парталу змаглі пацьвердзіць звальненьні загадчыцы рэдакцыйна-выдавецкага аддзелу Сьвятланы Шукан, загадчыцы выставачнага аддзелу Яўгеніі Сабалеўскай, загадчыцы аддзелу беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стагодзьдзяў Кацярыны Ізафатавай, рэстаўратараў Сьвятланы Дзікуць і Аляксандра Лагуновіча-Чарапко, загадчыцы сэктару ўліку Тацяны Мартуль, намесніка гендырэктара ў пытаньнях рэстаўрацыі Сяргея Вечара. Іхныя заявы па згодзе бакоў нібыта былі падпісаныя 23 сьнежня.

На думку аўтараў прапагандысцкага каналу, карупцыя супрацоўнікаў музэю заключалася ў тым, што ў 2021 годзе музэй купіў у мастака Ўладзіміра Царыкавіча, мужа мастацтвазнаўцы Кацярыны Ізафатавай, якая таксама фармуе калекцыю музэю, карціну «Крык» (2020). Прапагандыстам не спадабалася ні сама карціна, ні сума, якую за яе заплацілі — 10 875 беларускіх рублёў.

Reform.by дапускае, што колькасьць звольненых можа вырасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG