Чаму Эўразьвяз прыняў жорсткія авіясанкцыі адносна Беларусі? Ці ўлічваліся пры прыняцьці рашэньня інтарэсы беларусаў, якія вымушаныя ўцякаць з краіны? Чаму на пазыцыю ЭЗ не паўплывала пагроза Лукашэнкі распачаць палёты беларускіх самалётаў у Крым? Ці можа Лукашэнка пазбавіцца ад гэтых санкцыяў, вызваліўшы Пратасевіча?
На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае палітоляг, дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.
Кудзько
- Гэты інцыдэнт з самалётам быў на першых старонках усіх эўрапейскіх газэтаў.
- Грамадзкая думка Эўропы вельмі ціснула на свае ўлады, каб рашучыя крокі былі зробленыя.
- І гэта ўжо не пытаньне ўнутранай палітыкі Беларусі, гэта пытаньне бясьпекі грамадзянаў краінаў ЭЗ.
- На прыкладзе інцыдэнту з Ryanair у менскім аэрапорце многія дыктатары сьвету могуць падумаць, што і яны могуць рабіць, як Лукашэнка.
- Я мяркую, што на жорсткасьць рашэньня ЭЗ паўплывала і тое, як беларускія ўлады абыходзяцца з Пратасевічам і Сапегай.
- Усім бачна, пад якім прэсінгам на яго запісваліся гутаркі зь ім.
- Некаторыя могуць сказаць, што ўскосна адказнасьць за гэта ляжыць і на Эўразьвязе.
- Пратасевіч прасіў прытулку, але гэта асобная гісторыя.
- Да 21 чэрвеня будуць яшчэ прынятыя санкцыі — візавыя і эканамічныя.
- Беларускі бок кажа, што гатовы да расьсьледаваньня інцыдэнту з самалётам.
- Але ці адбываецца гэта ў рэальнасьці?
- Беларускія ўлады ня вельмі дапамагаюць расьсьледаваньню.
- Тыя электронныя лісты, якія былі нібыта накіраваныя ад ХАМАСу з сэрвэру ў Швайцарыі, ня выклікалі станоўчай рэакцыі ў ЭЗ.
- Тое, што беларусам зараз стане складаней уцячы з краіны, ратуючыся ад рэпрэсіяў, — гэта фактар сытуацыі.
- Яго ўзмацняе і той чыньнік, што Беларусь зачыніла і аўтапераходы на мяжы.
- Гэта ўсё абмяркоўваецца, сытуацыю ўсьведамляюць асабліва краіны-суседзі — Літва і Польшча.
- Сярод варыянтаў вырашэньня праблемы — распрацоўка дадатковых маршрутаў праз Маскву.
- Закрыцьцё паветранай прасторы ЭЗ — гэта і знак тым беларусам, якія ня вельмі цікавіліся палітыкай: калі вы хочаце лятаць у Эўропу — рабіце нешта, каб зьмяніліся парадкі ў Беларусі.
- Вельмі доўгі час, нават яшчэ ўвосень летась і ўзімку сёлета, многія ў ЭЗ разважалі так: Лукашэнка ўсё ж ня цалкам падпарадкоўваецца Маскве, давайце пачакаем з больш моцнымі санкцыямі.
- Цяпер гэты аргумэнт робіцца ўсё менш пераканаўчым.
- Калі беларускія самалёты будуць лятаць у Крым — гэта ўжо няважна.
- Нават калі Беларусь афіцыйна прызнае Крым часткай РФ, наўрад ці гэта стане прэцэдэнтам для Казахстану ці Армэніі.
- Для гэтых краінаў важныя адносіны з Эўразьвязам.
- Тэарэтычна ў Лукашэнкі ёсьць задні ход у гэтым крызісе — вызваліць Пратасевіча і Сапегу, выбачыцца, заплаціць кампэнсацыю.
- Але ня думаю, што ён гэтым ходам скарыстаецца.
- Для Лукашэнкі занадта высокія палітычныя страты ад такога ходу.
- Гэта стала б сыгналам для апазыцыі, што ёй час ісьці ў наступ.
- Гэтыя санкцыі — гэта сродак і пакараньня, і выхаваньня.
- Санкцыі могуць і будуць выкарыстоўвацца ў сукупнасьці з торгам з рэжымам наконт вызваленьня палітвязьняў і агульнай лібэралізацыі ўнутры краіны.
Што было раней
Эўрапейскі Зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ, а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускім авіякампаніям.
Гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку».
Паводле крыніцаў у Эўразьвязе, ёсьць папярэдняя дамова, што ў сераду прадстаўнікі ЭЗ увядуць забарону на ўезд і замарожваньне актываў для 7 чалавек і адной кампаніі ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair.
2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.