23 сьнежня ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў.
Пракурор на працэсе патрабуе прысудзіць Ірыне Бут-Гусаім 1,5 года пазбаўленьня волі, Сяргею Антусевічу — 2 гады, Аляксандру Ярашукау — 4 гады пазбаўленьня волі, паведамляе «Вясна».
Працэс адбываецца ў Менскім гарадзкім судзе, піша БелТА. Разам зь Аляксандрам Ярашуком у справе праходзяць ягоны намесьнік Сяргей Антусевіч і бухгальтарка Ірына Бут-Гусаім.
Раней ім інкрымінавалі 342-і артыкул Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Аляксандру Ярашуку выставілі абвінавачаньне ў закліках да заходніх санкцый, хоць папраўдзе ён выступаў супраць іх.
Паводле той часткі, якую інкрымінуюць Ярашуку, яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўленьня свабоды.
Аляксандар Ярашук публічна выступаў супраць увядзеньня санкцый у дачыненьні да Беларусі. Па інфармацыі «Народнай волі», падставу для новага артыкулу Ярашуку знайшлі ў ягоным кампутары, які сілавікі забралі падчас ператрусу.
Паводле БелТА, абвінавачаныя ў судовым працэсе прызналі віну. Абаронца абвінавачанага Ярашука заявіў хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы шэрагу характарыстык і падзячных лістоў, у тым ліку ад партнэраў БКДП. Суд задаволіў гэта хадайніцтва.
З 25 лістапада ў закрытым судзе ідзе працэс над старшынёй прафсаюзу РЭП Васілём Берасьневым, шматгадовым лідэрам гэтага аб’яднаньня Генадзем Фядынічам і актывістам Вячаславам Арэшкам праходзіць у Менскім гарадзкім судзе. Справу разглядае судзьдзя Анастасія Папко. Іх вінавацяць паводле артыкулаў:
- ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
- ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі);
- ч. 3 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці);
- ч.3 арт. 361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім).
Улады зьліквідавалі незалежны прафсаюзны рух у Беларусі
Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».
14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня — аб Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.
10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці некалькіх незалежных прафэсійных аб’яднаньняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.
Рэпрэсіі супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў
13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году. Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.
«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.