Прысуд вэтэрану вайны ў Афганістане
У судзе Баранавіцкага раёну і Баранавічаў вынесьлі вырак Генадзю Борысу, абвінавачанаму ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса) і зьнявазе дзяржаўных сымбаляў (арт. 370), паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Справу разглядала судзьдзя Іна Паўлоўская, абвінаваўца — Лышык.
Генадзя Борыса затрымалі ўзброеныя амапаўцы 9 жніўня 2022 году ў Баранавічах на вуліцы Паркавай. 10 жніўня яму прысудзілі 800 рублёў штрафу за падабайку пад інфармацыяй з экстрэмісцкага сайту (арт. 19.11 КаАП «Выраб, распаўсюд і/альбо захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Генадзь да суду знаходзіўся ў СІЗА. Па матэрыялах абвінавачаньня, 55-гадовы вэтэран вайны ў Афганістане Генадзь Борыс 26 студзеня 2021 году ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» разьмясьціў выяву ў чырвона-зялёных колерах са свастыкай з нацыянальным арнамэнтам, тым самым, на думку суду, цынічна зьняважыўшы дзяржаўны сьцяг.
Ён жа ў той самы дзень на сваёй старонцы разьмясьціў выяву Аляксандра Лукашэнкі ў вайсковым мундзіры на фоне свастыкі.
26 ліпеня 2022 году Борыс разьмясьціў тэкставае паведамленьне, у якім пазначыў, што «Расшукваецца тэрарыст № 1» і што за яго затрыманьне будзе сабраная сума ў 1 мільён эўра.
Сваю віну абвінавачаны прызнаў. Абвінавачаньне запрасіла для Генадзя Борыса абмежаваньне волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія») тэрмінам на тры гады і шэсьць месяцаў. Суд паменшыў гэты тэрмін на паўгода і прысудзіў тры гады «хіміі».
Генадзя Борыса вызвалілі з-пад варты ў залі суду.
Жыхара Пінску за абразу прадстаўніка ўлады асудзілі на «хатнюю хімію» другі раз
У судзе Пінскага раёну і Пінску за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) асудзілі мясцовага 35-гадовага жыхара Дзяніса Стасевіча. Гэта другі прысуд, які яму вынесьлі паводле гэтага артыкулу.
Справу разглядала судзьдзя Яўгенія Мельнік.
Першы прысуд Стасевічу вынесьлі за абразу супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча. За камэнтар у «Аднаклясьніках», які ён пакінуў пра супрацоўніка ДАІ, што наступіў затрыманаму каленам на галаву, суд прысудзіў яму два гады «хатняй хіміі» і 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.
Па матэрыялах новага абвінавачаньня, Дзяніс абразіў камандуючага сіламі спэцыяльных апэрацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Вадзіма Дзенісенку — ён пакінуў камэнтар, «які зьмяшчае нэгатыўную і зьневажальную па форме ацэнку асобы».
З улікам неадбытага пакараньня суд пастанавіў прызначыць Дзянісу тры гады «хатняй хіміі».
Суд за «гвалт над Азаронкам»
У судзе Заводзкага раёну Менску пачалі разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні Арцёма Забелянкова. Ён нібы ўжыў гвалт у дачыненьні прапагандыста Рыгора Азаронка і пагражаў гвалтам апэратару Андрэю Іваненку.
«11 кастрычніка 2020 году знаходзіўся на праспэкце Пераможцаў у Менску, дзе патрабаваў спыніць здымку ад супрацоўнікаў аднаго з тэлеканалаў», — гучыць фармулёўка абвінавачваньня, піша "Наша ніва«.
Таксама Арцёма Забелянкова абвінавачваюць у тым, што «11 кастрычніка 2020 году сумесна зь іншымі асобамі ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў».
Гэта ўжо ня першы суд, дзе пацярпелым выступае Рыгор Азаронак. 24 красавіка 2021 у судзе Фрунзэнскага раёну Менску перакладчыцу Вольгу Калацкую прызналі вінаватай у тым, што яна пабіла Азаронка. Нягледзячы на тое, што фігурантка справы прынесла прабачэньні, а той ня меў да яе матэрыяльных ці маральных прэтэнзій, судзьдзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу 2 гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
За перасыланьне пэрсанальных зьвестак у Telegram былога сілавіка асудзілі на 2,5 года калёніі
У Кастрычніцкім судзе Віцебску на пачатку сьнежня асудзілі Ўладзіслава Аўчыньнікава паводле ч. 1 арт. 352 КК («Неправамоцнае авалоданьне кампутарнай інфармацыяй»), ч. 2 арт. 424 КК («Злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі»).
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што судзьдзя Сьняжана Кіндзеева прызначыла Ўладзіславу 2 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму, а таксама штраф 300 базавых велічыняў.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што са сьнежня 2021-га па травень 2022 году ён зьбіраў у базах дадзеных МУС інфармацыю аб прыватным жыцьці і пэрсанальныя зьвесткі грамадзян, якія потым «распаўсюджваў у мэсэнджары Telegram».
Уладзіслаў — былы супрацоўнік УУС Віцебскага аблвыканкаму.