Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 сьнежня: За надпіс «3%» на краме асудзілі на 1,5 года калёніі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

У судзе Докшыцкага раёну 28 лістапада асудзілі 19-гадовага Аляксандра Сініцу паводле арт. 341 КК (апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці).

Судзьдзя Вячаслаў Елісеенка прызначыў Сініцу паўтара года калёніі агульнага рэжыму.

Разгляд справы пачаўся 25 лістапада. Як паведамляе дзяржаўная раённая газэта «Родныя вытокі», напрыканцы жніўня Аляксандар нанёс чырвонай васковай крэйдай на сьцяну крамы «Удобный» пратэставы надпіс «3%». Суд палічыў гэта «наўмысным пашкоджаньнем кавалка сьцяны».

Як піша «Віцебская Вясна», выданьне не назвала імя асуджанага. Яго паведаміў мясцовы краязнаўца Кастусь Шыталь.

Таксама вядома, што Аляксандар Сініца апошнім часам актыўна крытыкаваў докшыцкія аб’екты гандлю — за продаж пратэрмінаваных прадуктаў і кепскія санітарныя ўмовы.

Палітзьняволенага «хіміка» Юрыя Палюховіча будуць судзіць па новай крымінальнай справе

Юрыя Палюховіча ўжо двойчы судзілі за «абразу прадстаўнікоў улады» па арт. 369 КК, паведамляюць праваабаронцы.

Спачатку яго пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі» за «абразу міліцыянта», а празь некалькі тыдняў разгледзелі другі эпізод — абразу ўжо трох супрацоўнікаў міліцыі. Па сукупнасьці злачынстваў шляхам складаньня пакараньняў Юрыю прызначылі 3 гады «хіміі».

З 26 сакавіка Юры адбываў тэрмін у ПУАТ № 21. Вядома, што супраць яго ўзбудзілі ўжо трэцюю крымінальную справу паводле арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 КК (абраза судзьдзі). Тыдзень таму палітвязьня перавялі ў СІЗА-1. Суд над ім адбудзецца 22 сьнежня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Справу будзе разглядаць судзьдзя Вікторыя Шабуня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG