Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада пачынае канфіскацыю актываў алігархаў Расеі з Абрамовіча


Раман Абрамовіч і Ўладзімер Пуцін. 2016 год.
Раман Абрамовіч і Ўладзімер Пуцін. 2016 год.

Улады Канады распачалі працэс канфіскацыі актываў, зьвязаных з расейскім алігархам Раманам Абрамовічам. Яму ў Канадзе належыць фірма Granite Capital Holdings, якая ацэньваецца ў 26 млн долараў ЗША.

Гэта першы ў краіне працэс па адабраньні ўласнасьці расейскіх уладальнікаў, на якіх накладзены санкцыі. Атрыманыя сродкі канадзкі ўрад накіруе на аднаўленьне Ўкраіны і на кампэнсацыі ахвярам палітычных перасьледаў у Расеі.

Міністарка замежных спраў Канады Мэляні Жалі заявіла ў панядзелак, што Канада мае намер працягваць ціск на расейскія ўлады і на тых, хто атрымлівае прыбытак ад вайны ва Ўкраіне. Зь ёй пагадзілася міністарка фінансаў і віцэ-прэм’ер Канады Хрысьця Фрыланд. «Пуцінскія алігархі замяшаныя ў незаконным і барварскім уварваньні Расеі ва Ўкраіну. Канада ня будзе для іх ціхай гаваньню», — сказала яна.

Раман Абрамовіч — адзін з найбагацейшых людзей у Расеі, Forbes ацэньвае яго багацьце на бягучы год у 6900 млн даляраў. Ён трапіў пад санкцыі Канады ў сакавіку 2022 года, неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне. Таксама Абрамовіч знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Аўстраліі і Новай Зэляндыі.

Пасьля анэксіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе Канада ўвяла санкцыі супраць больш чым 2100 асоб і кампаній, якія маюць дачыненьне, на думку канадзкага ўраду, да анэксіі. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 года ў канадзкі санкцыйны сьпіс дадалі звыш 1500 фізычных асоб і кампаній з Расеі, Беларусі і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG